Блогерам Эдуарду Пальчысу і MozgOn далі 15 сутак
У Мінску асудзілі на 15 сутак блогераў Эдуарда Пальчыса і MozgOn, паведамляе Spring96.org.
У судзе Савецкага раёна разглядалася справа youtube-блогера — Уладзіміра Цыгановіча (MozgON).
Так як у дадзены момант ён адбывае арышт, суд праходзіў праз Skype. Блогер абвінавачваўся ў тым, што ўдзельнічаў у акцыі каля Камароўкі 31 мая. Па словах сведкі, Цыгановіч нібыта «выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў», а таксама крычаў «Жыве Беларусь!» і «Свабоду Ціханоўскаму!».
У выніку суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.
У судзе Кастрычніцкага раёна была разгледжаная справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса. Ён таксама асуджаны на 15 сутак за парушэнне артыкула 23.34 КаАП.
Эдуард Пальчыс сказаў, што ў гэтую пятніцу (19 чэрвеня) яго чакае яшчэ адзін суд за складзены пракол.
Эдуард падкрэслівае, што не збіраў подпісы і не быў удзельнікам масавых мерапрыемстваў. Ён рабіў фота- і відэаздымкі з пікету Святланы Ціханоўскай побач з Камароўкай у Мінску.