Журналістку «Белсата» затрымалі ў Гомелі перад пікетам, з якога яна мусіла весці стрым
Міліцыя перахапіла журналістку ў таксоўцы, каб уручыць позву
19 чэрвеня ў Гомелі міліцыя затрымала журналістку-фрылансера, сябра ГА «БАЖ» Ларысу Шчыракову, калі яна ехала на таксоўцы ў цэнтр горада, дзе ладзіцца апошні пікет па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Шчыракова збіралася асвятляць у СМІ гэтую перадвыбарчую акцыю.
«Таксі перастрэла міліцыя, як я толькі ад’ехала ад дома. Праверылі, мусіць, для адводу вачэй кіроўцу, а пасля забралі мяне ў РАУС Гомельскага раёна. Кажуць, што будуць уручаць позву. Якую і з якой нагоды, пакуль не кажуць. Зразумела, што будуць трымаць тут да заканчэння пікета па збору подпісаў», — паведаміла Шчыракова з міліцыі карэспандэнту Службы маніторынгу ГА «БАЖ» па тэлефоне.
Яшчэ да затрымання журналістка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што каля яе прыватнага дома зноў дзяжураць супрацоўнікі міліцыі. Але гэтым разам не ў міліцэйскім аўтамабілі, як раней, а ў цывільным. Паводле Ларысы, адзін з міліцыянтаў сядзеў у машыне, а другі хадзіў уздоўж яе і суседскіх сядзібаў і заглядваў праз платы ў двары.
І сёння ж невядомы аўтамабіль дзяжурыў каля дома, дзе жыве гомельскі блогер Арцём Шапараў.