Былая журналістка АНТ: Мне сорамна. Я абавязаная ў кожнага з вас папрасіць прабачэньня
Натальля Капоцева, былая карэспандэнтка беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў і «Лепшы рэпартэр-2010», зьвярнулася на Інстаграме да беларусаў.
«Сыходзь! Крычу я ў сваім уяўленьні сярод дзясяткаў тысяч. Перакананая, у сьвеце няма чорнага і белага, але ёсьць тое, з чым аднойчы проста больш немагчыма мірыцца. Жыць у страху. Баяцца, што за плясканне ў ладкі дагодзіш ў аўтазак. За праяву грамадзянскага пратэсту ў СІЗА. Заўтра да прыстойнай маці, якая раней ні ў каго не выклікала пытаньняў, раптам прыйдзе апека. За тое што сёньня ў гэтай краіне ў сэкунду можна страціць сям’ю, свабоду, бізнэс. І нават за такія пасты таксама нешта можа быць. Хопіць», — піша Капоцева.
Яна расказала, зь дзяцінства марыла стаць журналісткай, з 16 год працавала карэпандэнткай, вяла моладзевую перадачу «5×5» на БТ, а пазьней пачала працу на АНТ, у Агенцтве тэленавін.
«Я хачу. Я проста абавязаная у кожнага з вас папрасіць прабачэньня. І цяпер для гэтага самы зручны момант. Бо сябры і блізкія даўно ведаюць, за што мне сорамна. Перш за ўсё за тое, што 15 і нават 10 гадоў таму была маладой і… дурной, а пакутавалі ад гэтага іншыя». — працягвае журналістка.
«Мне 19 і я імгненна закручваюся ў гэтай кавамолцы. Пачынаецца з прасьцяцкага — сюжэты пра заапарк і дарожнікаў, опа, у яе атрымліваецца, дык дамо ёй творчую тэмку для выніковай праграмы выхаднога дня. Хранамэтраж ужо 5–8 хвілін. Ага, ды ў яе і гэта атрымліваецца. А сёньня там мітынг, а зьезьдзі ды здымі. Ведайце, мне 33, а ТАМ нічога не зьмянілася. Здымаць вулічныя пратэсты па-ранейшаму адпраўляюць учорашніх выпускнікоў. Рабоў. Так гэта і называецца ў мацёрых… якое ж іншае слова падабраць акрамя прапагандыстаў. Самі яны на такія здымкі не выяжджалі і не выяжджаюць. Баяцца. Ужо занадта знаёмыя народу іх твары».
Капоцева напісала, што шмат хто ў 18–20 і тады, і цяпер марылі рабіць сумленнае тэлебачаньне, пісаць на важныя для людзей тэмы, трансьляваць народныя думкі і быць рупарам праўды
«Клянуся, я мару да гэтага часу. Называйце мяне як заўгодна. І спытайце, чаму так шмат гадоў спатрэбілася мне для разьбітых надзей. Простага адказу няма. Але вы маеце рацыю 100%», — завяршыла свой допіс Натальля Капоцева.