• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёна” дапыталі па справе блогера Цімафеева

    Галоўнага рэдактара інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва выклікалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама для апытання па справе, распачатай у дачыненні да баранавіцкага блогера Дзмітрыя Цімафеева.

    Раніцай 20 ліпеня галоўнаму рэдактару сайта “Магілёўскі рэгіён” Змітру Салаўёву патэлефанавалі з УУС Магілёўскага аблвыканкама і запрасілі прыйсці ў 14:30 на апытанне ў якасці сведкі.

    Па словах Салаўёва, у складаных умовах бягучай перадвыбарчай кампаніі ён палічыў за лепшае не абвастраць узаемаадносіны з праваахоўнымі органамі, таму, папярэдзіўшы калег, накіраваўся да супрацоўнікаў міліцыі.

    Падчас візіту высветлілася, што Салаўёва выклікалі ў міліцыю ў якасці сведкі па справе, распачатай у дачыненні баранавіцкага блогера Дзмітрыя Цімафеева (“Народный проект будущего”).

    Дзмітрый Цімафееў быў затрыманы падчас акцыі “Антыпарад” у Бабруйску 9 мая. Сваё затрыманне Цімафееў здымаў на відэа і паспеў выкласці яго ў інтэрнэт. У той дзень міліцыянты спынілі блогера ў Бабруйску, калі ён ужо хацеў выязджаць з горада, выцягнулі з машыны і адвезлі ў УУС. Там абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі.

    12 мая суд горада Бабруйска пакараў Цімафеева 12 суткамі арышту быццам бы за ўдзел у акцыі пратэсту «Антыпарад». З рашэннем суда блогер не пагадзіўся і абскардзіў яго ў Магілёўскім абласным судзе.

    15 чэрвеня Магілёўскі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі. Пасля судовага пасяджэння Цімафееў даў інтэрв’ю журналісту сайта “Магілёўскі рэгіён”, на аснове якога быў падрыхтаваны відэасюжэт “Могилёвский антирекорд: 2 минуты на рассмотрение жалобы блогера в областном суде”.

    Дзмітрый Цімафееў

    Як патлумачылі сёння Змітру Салаўёву ва ўпраўленні міліцыі, апытанне праводзілася на падставе заявы супрацоўніка ДАІ, сваё стаўленне да якога выказаў у гэтым відэасюжэце Дзмітрый Цімафееў. ДАІшнік палічыў, што блогер распаўсюдзіў наконт яго паклепніцкую інфармацыю.

    Паводле Салаўёва, ніякіх прэтэнзій да журналістаў “Магілёўскага рэгіёна” не было. Зміцер пацвердзіў, што здымкі адбываліся па заданні рэдакцыі, і што блогер ведаў пра тое, што відэасюжэт здымаецца для 6tv.by. Быў складзены пратакол апытання, пасля чаго Салаўёва адпусцілі.

    Блогер Дзмітрый Цімафееў вядзе YouTube-канал “Народный проект будущего”. У канала 17,6 тысяч падпісчыкаў.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці