У Лідзе судзяць журналіста Юрыя Дзяшука
У судзе Лідскага раёна сёння распачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні журналіста–фрылансера Юрыя Дзяшука з Бярозаўкі, які супрацоўнічае з “Беларускім Радыё Рацыя”.
Паводле міліцэйскага пратакола яго вінавацяць у парушэнні арт. 23.34 КаАП — ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падстава — журналіст зафіксаваны на фота і відэаздымцы падчас правядзення ў Лідзе акцыі прыхільнікаў пераменаў. Менавіта за гэта і складзены пратакол.
Юрый Дзяшук кажа, што не прымаў удзел у несанкцыянаванай акцыі, бо ў той дзень прыехаў у Ліду, каб асвятляць акцыю прыхільнікаў Лукашэнкі “За Беларусь”. Шлях праўладнай акцыі пралягаў праз цэнтр горада, дзе ўжо больш за месяц збіраюцца прыхільнікі пераменаў. Менавіта такі запіс ён пакінуў у тлумачэннях да адміністрацыйнага пратакола.