Журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз кнігі “Беларускі Данбас” 12 сакавіка
У снежні 2020 года журналіст Раман Васюковіч вяртаўся ў Мінск з Кіева са службовай камандзіроўкі. Работнікі мытні спынілі яго ў аэрапорце і накіравалі на ўзмоцнены дагляд. У журналіста забралі ноўтбук і два асобніка кнігі «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты «Белсата» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.
Кнігі і ноўтбук накіравалі на экспертызу на экстрэмізм. У лютым Васюковічу паведамілі, што камп’ютар яму гатовыя вярнуць, а вось у кнізе нібыта знайшлі прыкметы экстрэмізму. У лютым супраць журналіста склалі адміністрацыйны пратакол ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюджванне або перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»), які накіравалі ў суд.
У пратаколе адзначаецца, што, згодна з экспертным заключэннем Мінскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, кніга «Беларускі Данбас» мае «прыкметы праявы экстрэмізму».
«Беларускі Данбас» — гэта журналісцкае даследаванне пра беларусаў на вайне, ролі спецслужбаў, а таксама пра тое, як гэты канфлікт паўплываў на Беларусь. Кніга была выдадзены летась ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо».
19 лютага 2021 года ў амбасадзе Украіны ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі «Беларускі Данбас», на якой прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.
Абсурднасць справы заключаецца ў двух момантах:
-
Ні на “экспертызу”, ні ў суд не выклікалі галоўны зацікаўлены бок — аўтараў кнігі, журналістаў Кацярыну Андрэеву (яна за кратамі) і Ігара Ільяша. Атрымліваецца, у кнізе “знайшлі экстрэмізм”, а аўтараў нават не праінфармавалі пра гэта.
-
З моманту затрымання ў мінскім аэрапорце Рамана Васюковіча прайшло ўжо амаль 3 месяцы, то бок тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці даўно выйшаў.
Нягледзячы на гэта 12 сакавіка а 17:00 справу будзе разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Мінска а 17:00.
Васюковічу пагражае да 50 базавых велічыняў штрафу (1 450 рублёў).