Чыноўніца пра «экстрэмізм» у кнізе пра націдэю: гэта службовая інфармацыя
Пратакол пасяджэння, на якім кнігу "Беларуская нацыянальная ідэя" прызналі экстрэмісцкай, гэта "службовая інфармацыя". На гэтым у размове з Еўрарадыё настойвае Вольга Тапдэмір, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама. 4 сакавіка чыноўніца ўваходзіла ў Мінскую абласную экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, якая і дала заключэнне, што кніга змяшчае "прыкметы праяўлення экстрэмізму".
Еўрарадыё папрасіла азнаёміцца з заключэннем камісіі, каб даведацца, у чым менавіта знайшліся «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Бо кніга складзена з інтэрв’ю, якія гучалі ў нашым эфіры. А мы выконваем беларускае заканадаўства, а значыць, для нас вельмі важна выкараніць любыя праявы экстрэмізму ў нашай працы!
«Па-першае, я не бачу, з кім я размаўляю, — я па тэлефоне ў прынцыпе ніякіх каментароў нікому не даю, — адказала Вольга Тапдэмір, калі мы папрасілі яе пераслаць нам заключэнне камісіі. — Па-другое, копію пратакола я вам не вышлю — гэта службовая інфармацыя».
Еўрарадыё: Дык у чым менавіта вы знайшлі «прыкметы экстрэмізму»? Вам не спадабалася вокладка або канкрэтная цытата?
«Гэта пытанні не да мяне. З гэтым ужо будуць разбірацца іншыя службы і арганізацыі», — сказала чыноўніца перад тым, як пакласці трубку.
Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» выйшла з друку ў 2020 годзе. Яна складаецца з 85 інтэрв’ю ў рамках праграмы «Ідэя Х» на Еўрарадыё. Вядучыя праграмы Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў спрабавалі высветліць, якая яна — нацыянальная ідэя Беларусі — і ці ёсць яна наогул.
Да нядаўняга часу выданне можна было свабодна набыць у «Акадэмкнізе» і іншых крамах, а таксама анлайн. У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, апублікаваным на сайце Міністэрства інфармацыі, кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» пакуль няма. Аднак жыхара Ждановічаў, падчас ператрусу ў якога знайшлі гэту кнігу, ужо судзілі за захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Таксама ў Беларусі нядаўна прызналі экстрэмісцкай кнігу «Беларускі Данбас», якую выдалі ва Украіне журналісты «Белсата» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева.