Прысуд брэсцкім блогерам Кабанаву і Пятрухіну ў Магілёве агучаць 14 красавіка
Прысуд брэсцкім блогерам і грамадскім актывістам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва агучаць 14 красавіка а 10-й гадзіне. Яго мусілі агучыць на мінулым тыдні, але суддзя назвала іншую дату, паведамляюць праваабаронцы.
Пятрухіна і Кабанава абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», у «абразе прадстаўніка ўлады», а першага таксама ў «абразе суддзі». Пракурор запрасіла для блогераў максімальна магчымыя тэрміны пакарання — па тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Палітвязняў пазбавілі апошняга слова.
Суд пачаў разгляд крымінальнай справы Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава 11 лютага. Яшчэ ў той дзень іх выдалілі «за парушэнне парадку судовага пасяджэння». Блогеры выказалі недавер і суддзі, і пракурору, патрабавалі, каб працэс ішоў на беларускай мове. Хадайніцтвы не былі задаволены.
Пятрухіна і Кабанава затрымалі яшчэ ў пачатку лета 2020 года, да прэзідэнцкіх выбараў. Спачатку быў адміністрацыйны арышт, а пасля распачалі крымінальныя справы. Яны прызнаныя палітвязнямі.
У сакавіку ў магілёўскай турме № 4 Сяргея Пятрухіна змяшчалі ў карцар.