Журналіст Анджэй Пісальнік: Нас дома затрымлівалі каля дзесяці супрацоўнікаў міліцыі
У гродзенскіх журналістаў Інэсы Тодрык-Пісальнік і Анджэя Пісальніка 14 красавіка сілавікі правялі агляд кватэры. Пасля гэтага журналістаў павезлі з Гродна ў Мінск на допыт. Позна ўвечары стала вядома, што іх адпусцілі: дапыталі і адвезлі назад у Гродна. Анджэй Пісальнік распавёў падрабязнасці падзей ўчорашняга дня.
— Нас з раніцы выцягнулі з ложкаў, сын яшчэ нават не прачнуўся, каб ісці ў школу. Людзі ў форме прыйшлі і загадалі збірацца ў Мінск. Увесь час нас падганялі, бо следчы чакае. Па маіх ацэнках, за намі прыйшлі каля дзесяці супрацоўнікаў сілавых органаў, яны казалі, што, як мы захочам уцячы праз вокны, то нас зловяць, бо там таксама іх людзі, — расказвае журналіст Анджэй Пісальнік. — Сын мусіў ісці ў школу, але яна не побач з домам, і я адвожу яго на машыне. Гэтыя людзі сказалі, што не праблема, але паедуць за мной на сваім бусе, каб я нікуды не ўцёк. Я ўявіў, як гэта магло б выглядаць. Таму мы пазванілі маці маёй жонкі, каб яна прыехала да нас.
На момант, калі нас выводзілі з кватэры, сын заставаўся адзін дома. Яму 11 год. Ужо ўвечары сын прызнаўся, што вельмі баяўся, каб гэтыя людзі не вярнуліся ў наш дом”.
Допыт у Следчым камітэце ў Мінску цягнуўся з 11.30 да 16.30. Пасля гэтага журналістаў Анджэя Пісальніка і яго жонку Інэсу Тодрык-Пісальнік адвезлі ў Гродна.
Анджэй кажа, што і ён, і яго жонка Інэса маюць статус сведкаў у межах крымінальнай справы, распачатай супраць кіраўніцтва Саюза палякаў, але гэта ніяк не звязана з папярэджаннем пракуратуры ад 13 красавіка.
Журналісты падпісалі дакументы аб неразгалошванні.
Нагадаем, 13 красавіка Анджэя Пісальніка выклікалі ў пракуратуру, дзе вынеслі папярэджанне аб недапушчэнні выказванняў, якія могуць супярэчыць патрабаванням заканадаўства Беларусі аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
Папярэджанне тычылася выказвання журналіста ў эфіры польскіх радыёстанцый Radio 24 і Radio 4 на пачатку красавіка 2021 года.
Тады Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ распачатая шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. На думку актывіста непрызнанага ўладамі Саюза палякаў, збор праваахоўнымі органамі звестак пра вучняў, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў, а таксама намер уладаў да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым.
Пракуратура палічыла, што яго выказванні «загадзя беспадстаўныя» і «відавочна скіраваныя на распальванне міжнацыянальнай варожасці».
Паводле меркавання пракурора, Пісальнік хацеў «распаліць у насельніцтва нацыянальную варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю пра іх дзейнасць», паведамляе Hrodna.life.
На пытанне, ці мог бы журналіст пракаментаваць падзеі апошніх дзён, Анджэй адказаў: “Калі я пракаментую так, як я думаю, то мяне, згодна з гэтым папярэджаннем, і “закрыюць”.
“Планы ў мяне — жыць, пакуль на волі. У мяне ўчора былі планы, але яны парушыліся”, — кажа журналіст.
25 сакавіка ў дачыненні да прадстаўнікоў незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі была заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК (Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці). 23 сакавіка затрымалі кіраўніцу арганізацыі Анжаліку Борыс.
25 сакавіка затрымалі гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута (ён цяпер у СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску), у рэгіёнах у кіраўнікоў Саюза палякаў Беларусі правялі ператрусы. Сілавікі прыйшлі таксама ў грамадскую польскую школу пры Саюзе палякаў і ў офіс Саюза палякаў у Гродне.
Інэса Тодрык-Пісальнік і Анджэй Пісальнік супрацоўнічаюць з польскімі медыя. Анджэй Пісальнік з’яўляецца таксама кіраўніком Федэрацыі польскіх медыя на Усходзе.