Cклалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыяла на ўладальніка сайта “Газеты Слонімскай”
На 10.00 раніцы 19 траўня позвай быў выкліканы на допыт у Слонімскі РАУС дырэктар ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” і ўладальнік сайта gs.by Яўген Валадашчук.
Па выніках допыту на Яўгена Валадашчука старшы ўчастковы інспектар міліцыі А. А. Гусар склаў пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі») за публікацыю на сайце 23 чэрвеня 2020 года матэрыяла з Тэлеграм-канала, які 20 кастрычніка 2020 года прызналі экстрэмісцкім.
Нагадаем, у красавіку гэтага года за тую ж публікацыю на сайце выклікалі ў міліцыю і склалі пратакол на галоўнага рэдактара “ГС” Міколу Канановіча.
Як адзначыў у размове з карэспандэнтам Службы маніторынгу ГА «БАЖ» Яўген Валадашчук, з пратаколам яны з адвакатам не пагадзіліся. Участковы А. Гусар паведаміў, што рыхтуе матэрыялы для перадачы гэтай справы ў суд.
Што датычыць галоўрэда “ГС” Міколы Канановіча, то ў дачыненні яго справа будзе спынена, запэўніў Гусар.
Штраф $4800 для Hrodna.life. Абласны суд пакінуў вырак раённага без зменаў