Тэлеграм- і YouTube-каналы Вольгі Карач і Ігара Макара прызналі экстрэмісцкімі
ГУБАЗіК прадставіў у суд дакумэнты, дзе напісана, што каналы грамадзкіх дзеячоў заклікалі да дэстабілізацыі ў краіне і зьвяржэньня Лукашэнкі.
Паводле прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай, тэлеграм-каналы «Наш Дом», «Игорь Макар | Официальный канал» и «Наш Дом ТВ», а таксама youtube-каналы «Наш Дом ТВ» і «Игорь Макар» прызнаныя экстрэмісцкімі яшчэ 18 траўня судом Цэнтральнага раёну Менску.
Паводле ГУБАЗіК, у сваіх відэароліках і допісах адміністратары дадзеных каналаў «заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах, масавых беспарадках, у тым ліку па матывах палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, а таксама да захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам і распальваньня сацыяльнай варажнечы паміж грамадзянамі Беларусі і прадстаўнікамі дзяржорганаў».
Відэаролікі ў названых інтэрнэт-супольнасьцях нібыта фармуюць «прыкрасьць, агіду і нянавісьць да прадстаўнікоў дзяржорганаў», а таксама ў іх распаўсюджваюцца недакладныя, на думку сілавікоў, зьвесткі, якія «выклікаюць недавер да прадстаўнікоў праваахоўных органаў».
За рэпост інфармацыі з названых каналаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.
Варта адзначыць, што ўладальнікі каналаў Вольга Карач і Ігар Макар між сабой у канфлікце, яны неаднаразова абменьваліся абвінавачаньнямі.