Вакаліста Gods Tower будуць судзіць за абразу чыноўніка
Вакаліста культавага гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава 15 чэрвеня пачнуць судзіць за абразу старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Па артыкуле 369 КК музыку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Уладзіслаў Наважылаў / gomel.today
— 16 жніўня губернатар Гомельскай вобласці, адкуль я родам, правёў сустрэчу з народам з нагоды таго, што тады адбывалася. Я стаўся вельмі незадаволены тым, як ён сябе паводзіў. Ён ніяк не адрэагаваў на запыты грамадзян. Я напісаў у фэйсбуку допіс такога зместу: «Этот Соловей — крайне г***** [неразумны] б**** [самец свінні]». Адрэагаваў і забыўся. Але аказалася, што Салавей убачыў допіс і яго гэта абразіла, — расказвае Еўрарадыё Наважылаў.
Музыка дадае, што нічога добрага ад суда не чакае і гатовы да ўсяго — «аж да таго, што закрыюць». На суд ён прыйдзе з абаронцай — Марыяй Колесавай-Гудзілінай.
— Адвакатка добрая, але яна, на жаль, мала што вырашае. Мінулы раз, калі 16 верасня мяне затрымалі пасля дваровага канцэрта з Памідоравым, яна разнесла ў пух і прах абвінавачанне. Але ўсё роўна далі восем сутак па 23.34. На судзе мы маем справу са стыхійным бедствам, а не людзьмі. Страху няма, ёсць разуменне, што можа быць усё. Мінулы раз пасля сутак я «прывёз» цяжкі каранавірус і вельмі доўга ўставаў на ногі, — кажа вакаліст Gods Tower.
Працэс над Лэслі «Ножыкам» — так Уладзіслаў Наважылаў вядомы сярод фанатаў — пачнецца 15 чэрвеня а 10:00 у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля.