• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З дзяржаўнага часопіса «Маладосць» сышлі ўсе супрацоўнікі

    У часопісе «Маладосць» не засталося ніводнага супрацоўніка. З пачатку ліпеня выданне будзе выходзіць у структуры выдавецтва «Мастацкая літаратура».

    На пачатку года ў «Маладосці» працавалі пяць чалавек.

    Але ў лютым была звольненая галоўны рэдактар Святлана Воцінава. Замену ёй не знайшлі, таму на сёння ў рэдакцыі заставаліся чатыры чалавекі (намеснік галоўнага рэдактара і тры рэдактары аддзелаў).

    Але з ліпеня часопіс пераходзіць у іншую структуру. Раней ён выходзіў у Выдавецкім доме «Звязда». Цяпер «Маладосць», а таксама часопісы «Полымя» і «Нёман» перадаюць выдавецтву «Мастацкая літаратура».

    Пад гэтыя пераўтварэнні ў выданнях адбыліся скарачэнні. Працягнуць працу прапанавалі некалькім асобам у кожнай рэдакцыі.

    У «Маладосці» гэта рэдактар аддзела прозы Марыя Страх і рэдактар аддзела публіцыстыкі Ганна Варонка. Але яны адмовіліся і — як маладыя спецыялісты — пераразмеркаваліся.

    «Няма жадання быць журналістам», — сцісла пракаментавала Марыя Страх.

    «Я прыйшла ў «Маладосць» летам 2020-га. У рэдакцыі было класна і ўтульна, мы ўсе падтрымлівалі адно аднаго ў тыя часы. Зімой звольнілі Святлану Дзмітрыеўну, і мы ўжо ў прынцыпе разумелі, што гэта канец эпохі, — кажа Ганна Варанко. — Каб Святлане Дзмітрыеўне не было за нас сорамна, мы сваёй маленькай рэдакцыяй у маленькай каморачцы на плошчы Перамогі імкнуліся рабіць класны часопіс, наколькі гэта магчыма ў нашых варунках. І, мяркую, часткова атрымалася, хоць не ўсё, што мы хацелі ўкласці на старонках часопіса, пабачыла свет.

    У «Мастацкай літаратуры» будзе ўжо зусім іншая «Маладосць» з іншым напаўненнем, дызайнам і, імаверна, нават лагатыпам. Ведаю, што хочуць таксама адмяніць абмежаванне па ўзросце і друкаваць літаратараў і 35+.

    Таму, мабыць, лагічна, што мы ўсе сыходзім разам: адно з адным і са сваёй «Маладосцю». Каб не размеркаванне, шчыра кажучы, я зрабіла б гэта нашмат раней».

    Намесніку галоўнага рэдактара Дзмітрыю Рубіну і рэдактару аддзела паэзіі Міколе Адаму не прапанавалі працягнуць працу.

    Як патлумачыў Мікола Адам, ён прыйшоў на працу з умовай, што працуе аддалена.

    «Для новага кіраўніцтва такі фармат непрымальны. Супрацоўнік павінен быць на рабочым месцы. Сядзець усе гадзіны, якія вылучаны яму на працу. Напэўна, інтэрнэт і камп’ютар — табу».

    Па яго словах, існавалі і іншыя прычыны сыходу, якія звязаныя з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Мікола Адам выйшаў з яго шэрагаў пасля таго, як адтуль выключылі пісьменніка Анатоля Кудласевіча. «Нас, тых, хто за яго заступіўся, нібыта «судзілі».

    Як адзначыў Дзмітрый Рубін, «насамрэч, умоўная прапанова была. То-бок, калі б мы вельмі хацелі, то маглі бы прасіцца ці тут, каб нас дзе пакінулі, ці там, каб нас узялі. Але прасіцца мне не хацелася».

    «Тут дапрацоўваў, адчуваючы проста абавязак за сабой перад часопісам, чытачамі, аўтарамі. Пераходзіць туды, дзе збіраюцца знішчыць пад корань усю нашу працу апошніх колькі год, і вярнуцца ў 1980‑я, таксама жадання няма».

    Хто будзе новымі супрацоўнікамі «Маладосці», пакуль невядома.

    У творчым асяроддзі часопіс «Маладосць» лічыўся найлепшым дзяржаўным літаратурным выданнем.

    Праўда, наклад майскага нумара складаў усяго 597 асобнікаў.

    Але гэта стандартная лічба для бюджэтных часопісаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці