Чарговы пратакол на Змітра Лупача склалі глыбоцкія міліцыянты
Да журналіста-фрылансера Змітра Лупача 29 чэрвеня прыехаў маёр міліцыі Віталь Кукавенкаў і склаў на яго адміністрацыйны пратакол за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі — арт. 23.5 КаАП. Падставай для завядзення справы стаў фельетон “Міністэрства замежных спраў трэба распусціць”.
Перад гэтым міліцыянты з’ездзілі і апыталі як сведку краязнаўцу з Шаркаўшчыны Уладзіслава Ляскоўскага, які выказваўся ў фельетоне. А пасля наведаліся і да журналіста. Як сказалі міліцыянты Змітру Лупачу, яны ведаюць, што да Ляскоўскага прыязджалі здымаць два чалавекі. Але пратакол склалі толькі ў дачыненні да Лупача, што пацвярджае мэтанакіраваны пераслед глыбоцкага журналіста.
Нагадаем, сёлета ў журналіста было ўжо сем адміністрацыйных судоў за супрацу з тэлеканалам “Белсат”, у выніку якіх ён быў пакараны штрафамі.