Затрымалі аўтара перадачы «Гэта ж Вінаград!»
Блогер і аўтар перадачы «Гэта ж Вінаград!» Павел Вінаградаў паведаміў вечарам 5 ліпеня, што ў яго дом у Беразіно прыйшлі з «аглядам памяшкання». Цяпер ён не выходзіць на сувязь.
Павал Вінаградаў. Менск, Беларусь. 12 траўня 2021. Фота: Белсат
Яго бацька Юрый Вінаградаў паведаміў на Facebook, што сына забіраюць у ізалятар часовага ўтрымання, каб заўтра судзіць паводле артыкулу 24.23 КаАП РБ – за «несанкцыянаваную акцыю». У доме працягваюць праводзіць «агляд». Падчас агляду з дома забралі лічбавую тэхніку.
Як расказаў Юрый «Белсату», справу супраць Паўла Вінаградава пачалі за пост на Facebook, у якім ён крытыкаваў ідэю Паўла Латушкі выходзіць на пратэст 9 траўня. У тым пасце Павел Вінаградаў пісаў:
«У мяне такое адчуванне, што гэта заклік з разраду «Глядзіце! Глядзіце! Я таксама магу абвяшчаць даты пратэстаў. Як Ціханоўская». Дык і я так магу! Усе! Выходзім дзясятага! Толькі толку – ***** [ніколькі]».
Ні 9, ні 10 траўня не было масавых вулічных пратэстаў, хоць былі асобныя пікеты і феерверкі ў 23 гадзіны 34 хвіліны. Юрый Вінаградаў лічыць, што той пост быў толькі нагодай, а сапраўдная прычына затрымання – асабістая помста сілавікоў яго сыну.