Праваабаронца Марфа Рабкова ў камеры страціла прытомнасць
Палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова страціла прытомнасць у камеры. Гэта здарылася з-за недахопу паветра і духаты, падчас нядаўняй анамальнай спякоты для Беларусі прыкладна 27-28 чэрвеня. У камеры Марфы 12 чалавек, піша сайт spring96.org.
Аказаная медыцынская дапамога выглядала наступным чынам: прыйшоў лекар і даў таблетку цытрамону.
Таксама адвакатка Наталля Мацкевіч распавяла ў сваім twitter, што 5 ліпеня наведвала Марфу:
«Яна стала тонкай, празрыстай, але трымаецца цвёрда. Сказала, што прачытала: «Не людзі выбіраюць часы, у якіх жыць, а часы выбіраюць людзей». І кажа: «Калі час выбраў нас, мы павінны справіцца»».
Марфа Аляксандраўна Рабкова — каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца.
Была затрыманая вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. З 19 верасня знаходзіцца ў СІЗА‑1. З гэтага часу ёй пастаянна падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай, апошні раз — да 17 верасня 2021 года. Марфу абвінавачваюць па тром артыкулах Крымінальнага кодэкса, па якіх ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Заклікаем падтрымаць Марфу лістамі салідарнасці!
Адрас: СІЗА‑1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030
Марыі Аляксандраўне Рабковай