Прыехалі з аўтаматам. Жонка Андрэя Скурко распавяла, як праходзіў ператрус
«Як у страшным сьне: да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон».
Супраць 4 чалавек, зьвязаных з «Нашай нівай», вядуцца сьледчыя дзеяньні — рэдактара сайту Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, рэдактара часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, а таксама галоўнай бухгальтаркі «Нашай нівы» Вольгі Раковіч. Ва ўсіх чацьвярых дома адбыліся ператрусы, а потым іх павезьлі на допыты.
Жонка Андрэя Скурко Паліна ноччу 9 ліпеня напісала ў Фэйсбуку, як праходзіў ператрус у іх доме.
«Сёньняшні дзень быў доўгі, а я цяпер так не хачу пабачыць яго ў сьне, што ўсяляк адцягваю засынаньне. Самай стромнай была раніца. Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўвешчвала яго зьвярнуць увагу на гаршчок.
Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там…
Як у страшным сьне: паміж нашай маладзенькай сьлівай і пясочніцай, паўз лужок з рамонкамі (сёлета Андрэй залужыў для Тамаша свае любімыя бульбяныя градкі) да нашага дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам. Гэта нагадвала сон. І як у сьне я зараўла з усёй сілы: «Андрээээйка, вобшук!!! Андрэй, у нас вобшук!!!!!»
Выходзіць мой муж з пакоя: «Ты нешта казала?»
Некалі будзе сьмешна ўспамінаць, спадзяюся.
Андрэй трымаўся агурком: спакойна, усё нармальна, гэта штатная сытуацыя.
Шкадую, што не ўвесь час была побач, трымала яго за руку.
Мы з малым тусаваліся па ўсім доме, бо малога на месцы не ўтрымаеш. А Андрэй з гэтымі людзьмі («джэнтльмэнамі») пераходзіў з пакоя ў пакой. Было сьмешна, калі Тамаш закамандаваў ісьці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. «Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай», паказвае адзін з панятых. «Я пагляджу», кажа чалавек у месцы. Вы не бачылі? — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: «Сандалік!»
Другому дзядзю ён падносіў, камэнтуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусьціў яму юлу.Андрэй Скурко.
«Навошта патрэбна столькі кніг» — пыталіся тым часам у Андрэя. «Я так і не прыдумаў, што адказаць», — кажа ён мне потым. Рэдкасны выпадак, калі мой дасьціпны, вясёлы муж не прыдумаў адказу.
З кніг міліцыю найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесьць «Побеждая оглянись»… Была яшчэ камічна-драматычная сытуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзьмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мэмуарах.
Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся.
Перажываю за сёньняшнія сны і заўтрашняе прабуджэньне. Калі малы па сваёй звычцы дзелавіта пойдзе адчыняць усе дзьверы: «Тата! Тата?»
Я так люблю цябе, мой мілы.
PS. Падыходжу да спальні ў час гэтага ўсяго і чую адтуль Андрэеў голас: «Цікава, што аснову эканомікі Старажытнай Русі складаў гандаль рабамі…»
Зараз Андрэй і яшчэ тры супрацоўнікі «Нашай нівы» затрыманыя. Яны падазраваныя па нейкай крымінальнай справе».