• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ператрусы ў незалежных журналістаў Гомеля і Рэчыцы

    У Гомелі  сілавікі 16 ліпеня ўчынілі вобшукі ў некалькіх  незалежных журналістаў.  У прыватнасці, дома ў  сябра ГА "БАЖ" Ларысы Шчыраковай прайшоў ператрус з удзелам  супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У яе забралі кампутарную тэхніку і мабільны тэлефон.  Потым Шчыракову дапыталі ў рэгіянальным  упраўленні ГУБАЗіКа. Калі  з'явілася магчымасць, журналістка паведаміла ў Facebook, каб сябры выдалялі ліставанні з ёй са сваіх гаджэтаў.

    Журналістку Шчыракову шмат разоў затрымлівалі і штрафавалі за нібыта незаконны збор і распаўсюд інфармацыі, асабліва калі рэпартаж ці апытанка з’яўляліся на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат»,  які транслюе перадачы з Польшчы.

    Апошні штраф (870 рублёў) журналістка  атрымала ў чэрвені за апытанне жыхароў Гомеля на тэму: «Хто ці што спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі?».

    Ператрус 15 ліпеня прыйшоў і ў кватэры сябра ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса — у яго таксама забралі кампутары, мабільнікі, носьбіты інфармацыі і ўсё, як кажа Яўген, што звязана з гістарычным нацыянальным гербам «Пагоня» — налепкі і т.п. Займаліся ўсім зноў-такі мясцовыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яўген на волі, раіць калегам не вешаць носа.

    Сёлета гэта другі вобшук у спадара Меркіса. Двойчы сілавікі рабілі ператрус у гэтым годзе і ў Анатоля Гатоўчыца, аднаго са старэйшых журналістаў Гомеля. Апошні раз — 9 ліпеня.

    У Рэчыцы 16 ліпеня супрацоўнікі мясцовага аддзела КДБ затрымалі незалежнага журналіста Андрэя Мядзведзева. Неўзабаве ў сеціва было выкладзена відэа з так званымі прызнаннямі пра «дэструктыўную дзейнасць». Гэтаму папярэднічалі два ператрусы — у самога Андрэя і яго сваякоў. Забралі кампутар і мабільнік. Узялі падпіску аб неразгалошванні. Увечары Андрэя адпусцілі.

    Шукала міліцыя і цяперашняга кіраўніка Гомельскай філіі  ГА «БАЖ» Міколу Бянько.

    «Тэлефанавалі з АБЭЗ, пыталіся пра месцазнаходжанне, хоць я ні ад кога не хаваўся.  Падчас тэлефоннай размовы патрабаваў назвацца, а таксама даслаць позву з указаннем майго працэсуальнага статуса. У той жа самы час міліцыя прыходзіла да бацькоў маёй жонкі, дзе мы не жывём ужо з дзесятак гадоў. Распытвалі пра маю працу ды БАЖ», — кажа Мікола.

    Стала вядома таксама, што напярэдадні сілавікі прыходзілі да сваякоў гомельскіх сяброў ГА «БАЖ» Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна — самі яны зараз за межамі Беларусі.                                       

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці