Супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі вобшук па месцы прапіскі журналіста-фрылансера і актывіста Аляксандра Вялітчанкі
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што раніцай супрацоўнікі ГУБАЗіК па Гомельскай вобласці прыходзілі па месцы прапіскі журналіста-фрылансера і актывіста Аляксандра Вялітчанкі.
Аднак дома нікога не засталі. Тады маці Аляксандра, якая знаходзіцца ў адпачынку, патэлефанавалі з працы і ў тэрміновым парадку выклікалі на размову да ідэолага прадпрыемства.
Калі жанчына прыйшла на працу, там яе сустрэлі два супрацоўнікі, пасля чаго адвезлі дадому і правялі вобшук. У паперы на правядзенне ператрусу значылася не менш за пяць артыкулаў крымінальнага кодэкса. У выніку быў забраны адзін стары ноутбук.
Таксама супрацоўнікі цікавіліся, дзе знаходзіцца Аляксандр Вялітчанка, сказалі маці, што ён пададзены ў крымінальны вышук.
Напрыканцы, жанчыне далі на подпіс паперу, у якой значылася, што супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна і дзейнічалі ў межах закона.