Затрыманых супрацоўнікаў БелаПАН і былога дырэктара кампаніі прызналі палітвязнямі
Раніцай 18 жніўня 2021 года супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі з вобшукамі да журналістаў, супрацоўнікаў і ў рэдакцыю інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Амаль адначасова перастаў адчыняцца сайт БелаПАН па адрасах belapan.by і belapan.com, як у Беларусі, так і за мяжой.
Пасля ператрусаў шэраг журналістаў і супрацоўнікаў БелаПАН былі адвезеныя на допыт. Ператрусы і допыты праводзіліся паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).
Пазней стала вядома, што па ч. 1 арт. 342 КК былі затрыманыя дзеючыя і былыя супрацоўнікі БелаПАН:
- Ірына Леўшына — дырэктар;
- Дзмітры Наважылаў — былы дырэктар;
- Кацярына Боева — бухгалтар кампаніі.
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, Кацярыны Боевай з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, і Кацярыны Боевай палітычнымі зняволенымі і патрабуем:
-
неадкладнага вызвалення Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, Кацярыны Боевай з‑пад варты;
-
адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання;
-
неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Станам на вечар 19 жніўня ў Беларусі 636 палітвязьняў.
ГА “Беларуская ассацыяцыя журналістаў”;
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
РГА «Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»
Беларускі ПЭН-цэнтр;