У Глыбокім 27 жніўня адбудзецца суд над журналісткай Таццянай Смоткінай
Глыбоцкая журналістка Таццяна Смоткіна атрымала позву ў суд праз месенджар WhatsApp і sms-паведамленне. З дакумента вынікае, што судзіць Таццяну будуць паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП — за быццам бы незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
Судовае пасяджэнне будзе весці суддзя Людміла Вашчанка.
Падставай для адміністрацыйнай справы стала інтэрв’ю з глыбоцкім актывістам і фітнес-трэнерам Аляксандрам Шарабайкам для “Беларускага Радыё Рацыя”. У гутарцы з журналісткай ён распавёў пра сваё затрыманне, адбыванне арышту і выказаў стаўленне да міліцыі і ўладаў.
Дарэчы, міліцыя апытала Аляксандра Шарабайку ў якасці сведкі па распачатай у дачыненні журналісткі справе.
Таццяна Смоткіна кажа, што не лічыць сябе вінаватай. Паводле яе слоў, яшчэ падчас складання на яе пратакола маёрам міліцыі Сяргеем Цырбанам пазначыла, што не парушала закона, і звярнула ўвагу міліцыянта на артыкул 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкул 19 Міжнароднага пакта аб палітычных і грамадзянскіх правах, які ратыфікавала Беларусь. Гэтыя заканадаўчыя нормы гарантуюць грамадзянам права на свабоднае выказванне і на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі.
Нагадаем, 22 ліпеня ў журналісткі-фрылансера Таццяны Смоткінай сілавікі правялі ператрус у межах крымінальнай справы за распальванне варажнечы. У выніку у журналісткі забралі камп’ютарную тэхніку і мабільны тэлефон, якія не вярнулі да гэтай пары.