• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не змаглі навесіць падаткі і ўзяліся за «варожасць»? Расказваем пра новую справу супраць Тутбая

    Пяты месяц 11 супрацоўнікаў найбуйнейшага беларускага анлайн-медыя знаходзяцца за кратамі. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ў сплаце падаткаў: нібыта кампанія незаконна далучылася да рэзідэнтаў ПВТ, каб плаціць менш падаткаў. Сярод фігурантаў ёсць і журналісты, якія па сваіх службовых абавязках не звязаныя з юрыдычнай і фінансавай дзейнасцю кампаніі.

    І вось сёння Следчы камітэт заяўляе, што заведзена яшчэ адна крымінальная справа — цяпер за распальванне варожасці. Пакуль імёны фігурантаў не называюць, але крыніцы паведамляюць, што навесіць новы артыкул, па якім пагражае да 12 гадоў калоніі, могуць акурат на журналістаў і рэдактараў. 

    Вось што афіцыйна паведамляе Следчы камітэт: у адносінах да службовых асоб і супрацоўнікаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» і іншых асоб распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб). Па гэтым артыкуле пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

    У ліку палітычных артыкулаў 130‑ы набірае абароты. Калі раней па ім каралі ў асноўным за выказванні ў падтрымку нацысцкай ідэалогіі, то апошнім часам — за матэрыялы, у якіх можна разгледзець крытыку дзейнай улады. Апошнія масавыя затрыманні за каментары таксама былі па арт. 130 КК. Сярод журналістаў такое абвінавачванне выстаўлена Андрэю Пачобуту, Дзянісу Івашыну.

    У парушэнне міжнародных нормаў суды і сілавікі сталі вызначаць сілавікоў як асобную сацыяльную групу. Адпаведна крытычныя матэрыялы, якія ставяць пад пытанне законнасць дзейнасці такіх структур, сталі разглядаць у рэчышчы распальвання варожасці. 

    У цяперашніх рэаліях даказаць невінаватасць надзвычай складана. Праблема ў тым, што ў аснову такіх спраў кладзецца сам матэрыял, у якім сілавікі ўгледзелі парушэнне закону, і высновы праўладных экспертаў. Суды катэгарычна не хочуць разглядаць высновы незалежных экспертаў, нават калі абарона просіць далучыць матэрыялы да справы.

    Нагадаем, разгром Тутбая адбыўся 18 мая, сайт быў заблакаваны, доступу да яго няма і па сёння. Сілавікі прыйшлі ў офіс кампаніі і да супрацоўнікаў дадому.

    Затрымалі 15 чалавек, у тым ліку генеральнага дырэктара Людмілу Чэкіну, галоўнага рэдактара Марыну Золатаву (яны з’яўляюцца і мінарытарнымі акцыянерамі кампаніі).

    Цяпер за кратамі застаецца 11 чалавек, двое юрыстаў — пад забаронай на пэўныя дзеянні, Юлія Чарняўская, якая валодае мажырытарнай доляй кампаніі Hoster.by, — пад хатнім арыштам.

    1‑га верасня на свабоду выйшаў генеральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, ягоны адвакат сцвярджаў, што ён па-ранейшаму фігурант крымінальнай справы, яму змянілі меру ўтрымання. Аднак Юрый Васкрасенскі, які пазіцыянуе сябе як пасярэднік у датэрміновым вызваленні палітвязняў, заяўляў, што Павалішаў звярнуўся з просьбай аб памілаванні, і гэта просьба была выканана. Кампанія больш не ўказвае Павалішава ў спісе затрыманых. 

    17 жніўня суд прызнаў Тутбай экстрэмісцкім рэсурсам, а таксама новы сайт, які стварыла частка былых журналістаў медыя. Доступ да Тутбая ўсё яшчэ заблакаваны, то-бок артыкулы, якія следства паклала ў матэрыялы крымінальнай справы, недаступныя да прагляду.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці