Журналістка папрасіла кампетэнтныя органы правесці праверку па фактах катаванняў на Акрэсціна
Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая з 14 жніўня па 13 верасня ўтрымлівалася ў ІЧУ на Акрэсціна. За месяц там яна падхапіла некалькі хвароб. «Я на свае вочы ўбачыла, што людзей там працягваюць катаваць, парушаючы ўсе існыя правілы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных (маўчу ўжо пра Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах)», — кажа дзяўчына.
Нагадаем, правілы ўтрымання асуджаных па адміністрацыйных справах апісаныя ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і Правілах унутранага распарадку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, якія зацверджаныя пастановай Савета міністраў №313.
Вось усяго некалькі парушэнняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, што былі здзейсненыя супрацоўнікамі ізалятара на Акрэсціна (усе яны і былі апісаныя ў скаргах).
Ні разу не патрапіла ні ў душ, ні на шпацыр
За 30 сутак знаходжання ў ізалятары ні журналістку, ні яе сукамерніц і затрыманых з суседніх камер не вывелі ў душ.
Пры тым, што ў адпаведнасці з п. 44 Правілаў №313, адміністрацыйна арыштаваным не радзей чым адзін раз на тыдзень даецца магчымасць прыняць душа працягласцю не менш за 15 хвілін.
Аналагічная сітуацыя і са шпацырамі. За час знаходжання ў ізалятары дзяўчыну і яе сукамерніц ні разу не вывелі на шпацыр. Акно ў камеры №15 Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў было наглуха забітае. У камеру не паступаў кісларод.
У адпаведнасці з ч. 7 арт. 18.7 ПВКаАП адміністрацыйна арыштаваныя карыстаюцца правам штодзённага шпацыру працягласцю не меней за адну гадзіну.
Апроч таго, супрацоўнікі ізалятара часам наглуха прычынялі «кармушкі», пазбаўляючы людзей хоць нейкага свежага паветра, якое магло б даходзіць з калідора (парушэнне ч. 7 арт. 18.7 ПВКаАП, частка 13 Правілаў №313).
У двухмясцовай камеры ўтрымлівалася ад 8 да 13 чалавек
Пры наяўнасці вольных месцаў у суседніх камерах супрацоўнікі ізалятара стваралі эфект перанаселенасці ў так званых «палітычных» камерах, дзе ўтрымліваліся асуджаныя па артыкулах 19.11, 24.23, 24.3 КаАП РБ.
У жаночай камеры №15 ізалятара, разлічанай на дзвюх асуджаных, у розны час утрымлівалася ад 8 да 12 чалавек (у іншыя часы ў яе «ўпіхвалі па 20 чалавек). У такіх умовах людзі гублялі магчымасць рухацца і нармальна спаць нават на падлозе.
Гэта парушэнне ч. 1 арт. 18.7 ПВКаАП РБ, п. 13 Правілаў №313. Таксама, у адпаведнасці з ч. 1 арт. 18.7 ПВКаАП РБ, адміністрацыйна арыштаваныя ўтрымліваюцца ва ўмовах строгай ізаляцыі. Норма плошчы на аднаго чалавека ўсталёўваецца, зазвычай, не меней за чатыры квадратныя метры.
Спалі на голай падлозе ў халодных камерах
Усе жанчыны ў камеры былі пазбаўленыя матрацаў, пасцелі і рушнікоў. Людзі былі вымушаныя спаць на голай падлозе і голых металічных шконках.
У восеньскі час гэта стала катаваннем: у асобных камерах было настолькі холадна, што затрыманых калаціла начамі. Каб неяк сагрэцца, яны былі вымушаныя прысядаць, рабіць фізічныя практыкаванні, набіраць у пластыкавыя бутэлькі гарачую ваду і спаць з імі ў абдымку. У такіх умовах усе да адной адміністрацыйна асуджаныя захварэлі на прастуду.
Так, гэта парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП і пункта 38 Правілаў №313.
У адпаведнасці з ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ утрыманне фізічнай асобы, адміністрацыйна арыштаванай, павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, што выключаюць пагрозу для жыцця і здароўя.
Згодна з п. 38 Правілаў №313 адміністрацыйна арыштаваным даецца для індывідуальнага карыстання спальнае месца і месца для захоўвання сродкаў асабістай гігіены, выдаецца бялізна па нормах забеспячэння адміністрацыйна арыштаваных.
Без перадач, лістоў і цёплага адзення
Людзі таксама былі пазбаўленыя законнага права на перадачы, на асабістыя рэчы ў камеры, на лісты (аплачаныя і дасланыя ад сваякоў тэлеграмы і паштоўкі проста «зніклі»).
Жанчыны былі вымушаныя карыстацца адной зубной шчоткай, выкарыстоўваць адны і тыя ж трусы цягам тыдняў.
Усе перадачы адміністрацыйна асуджаным аддалі толькі на выхадзе. Пры тым, што некаторыя кабеты былі вымушаныя адбываць суткі ў тым, у чым іх забралі: у тонкіх сукенках, спадніцах, басаножках.
У такой «уніформе» амаль усе ў першыя ж дні зарабілі сабе цыстыт, фарынгатрахеіт, застудзілі ныркі (усё гэта пацверджана медыцынскімі аглядамі па выхадзе з Акрэсціна, копіі медыцынскіх дыягназаў былі прыкладзеныя да скаргі — Заўв. рэд.).
Гэта парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ, ч. 38 Правілаў № 313.
Захварэлі на каранавірус і не атрымлівалі лекі
Асуджаныя таксама былі пазбаўленыя права на адэкватную медыцынскую дапамогу: многіх таблетак у аптэчцы мясцовых медыкаў папросту няма.
Ва ўмовах, калі ў Беларусі толькі па афіцыйных звестках працягвае штодня рэгістравацца па дзве тысячы хворых на каранавірус, арыштаваным не выдавалі масак, патрэбных лекаў, камеры не дэзынфекаваліся і былі пазбаўленыя опцыі праветрывання.
У арыштаваных адбіралі пластыкавыя бутэлькі, пазбаўляючы магчымасць піць ваду з персанальных ёмістасцяў (і падмывацца імі ж). Амаль усе жанчыны, якія знаходзіліся ў ізалятары, паступілі туды здаровымі, а выйшлі з каранавірусам ці прастуднымі захворваннямі.
Акрамя таго, супрацоўнікі ізалятара падсялялі бяздомных з вошамі (пры наяўнасці опцыі дэзынфекцыі) у некалькі камер з іншымі адміністрацыйна асуджанымі. У выніку гэта спрыяла заражэнню раней здаровых грамадзян педыкулёзам.
Згодна з ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ утрыманне фізічнай асобы, затрыманай за адміністрацыйнае парушэнне, павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, што выключаюць пагрозу для яго жыцця і здароўя.
На падставе п. 106 Правілаў №313 з мэтай прадухілення ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, педыкулёзу, а таксама іх лакалізацыі і ліквідацыі ў пастаўленым заканадаўствам парадку праводзяцца дэзынфекцыйныя, дэзынсекцыйныя і дэратызацыйныя мерапрыемствы.
Пазбаўлялі сну: будзілі а другой ночы і а чацвёртай раніцы
Пры зацверджаным графіку з адбоем у 22.00 і пад’ёмам у 6.00 людзей пазбаўлялі сну. Цягам месяца асуджаных штодня будзілі а другой ночы і а чацвёртай раніцы, ладзячы пераклічкі.
Апроч таго, у камерах круглымі суткамі гарэла яркае штучнае асвятленне (парушэнне ч. 4 арт. 2.4 ПВКаАП РБ).
І што на гэта ўсё адказалі?
Скаргі на ўмовы ўтрымання на Акрэсціна былі накіраваныя адразу ў некалькі інстанцый: у Генеральную пракуратуру, Мінскую гарадскую пракуратуру, у Дэпартамент фінансаў і тылу МУС РБ, у Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і ў ГУУС Мінгарвыканкама.
У Дэпартаменце фінансаў і тылу МУС адказалі лаканічна: «Факты не знайшлі пацверджання».
Іншыя структуры, чакана, паперакідвалі зварот паміж сабой і адфутболілі адказнасць за разгляд скаргі непасрэдна на ГУУС Мінгарвыканкама. Тыя ж, «правёўшы» праверку самі ў сябе, таксама парушэнняў не знайшлі:
«Падчас праверкі парушэнняў законнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама і правілаў унутранага распарадку не выяўлена». Цікава, што скарга тычылася і ЦІП, але пра яго ў адказе нават і не згадалі: яны хоць і маюць з ІЧУ адзін адрас, усё ж там розныя супрацоўнікі і распарадкі
Зрэшты, такія «адпіскі», як адзначаюць праваабаронцы, беларусам дасылаюць даўно. Але гэта ўсё адно не нагода не спрабаваць адстойваць свае правы.
Пры гэтым сітуацыя ў ІЧУ на Акрэсціна не мяняецца. Чарговы экс-арыштант нядаўна распавёў «Вясне», што ў чатырохмясцовай мужчынскай камеры было ад 13 да 18 чалавек. Для «атмасферы» туды закідвалі бамжоў. Усе астатнія, вышэй згаданыя парушэнні таксама мелі месца.
Пры гэтым, нагадаем, нядаўна ў сетцы з’явіўся зліў размовы. Галасы, падобныя да дзейных супрацоўнікаў міліцыі, абмяркоўваюць, якія ўмовы варта стварыць для людзей, што сядзяць па палітычных артыкулах.