• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Раёнка Чашніцкага раёна “Чырвоны прамень” апублікавала фота з лога Тут бай. Грамадскасць просіць праверыць гэты факт

    Расследавання патрабуюць аўтары петыцыі, якія заўважылі ў газеце Чашніцкага раёна “Чырвоны прамень” фота з лагатыпам Тут бай.

    У петыцыі гаворыцца, што на сайце чашніцкай газеты “быў размешчаны фотаздымак з лагатыпам выдання, якое паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнанае экстрэмісцкім, і чыя інфармацыйная прадукцыя ўключаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

    У прыватнасці, вядзецца пра нататку пад назвай “Ваенны камісарыят Чашніцкага раёна запрашае кандыдатаў на пасаду па ваенна-патрыятычным выхаванні”, якая была размешчаная на сайце 13 кастрычніка. У ёй аўтар паведамляў пра адкрытую вакансію і пошук кандыдатаў на пасаду ваенрука ў сярэднюю школу Новалукомля. Публікацыя была праілюстраваная фотаздымкам з лагатыпам інфармацыйнага партала Тут бай.

    Стваральнікі петыцыі спасылаюцца на розныя заканадаўчыя акты, у тым ліку на закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” і закон “Аб сродках масавай інфармацыі”. Выказваюць меркаванне, што супрацоўнікі рэдакцыі “ўчынілі “адміністрацыйнае правапарушэнне — распаўсюдзілі прадукцыю, уключанаю ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

    Аўтары звароту просяць адпаведныя дзяржаўныя органы “правесці праверку па прыкметах невыканання службовымі асобамі ўстановы “Рэдакцыя газеты “Чырвоны прамень” патрабаванняў Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, і ў выпадку выяўлення факту парушэння згаданага закона — вынесці пісьмовае папярэджанне. Просяць таксама правесці праверку па прыкметах учынення супрацоўнікамі рэдакцыі газеты “Чырвоны прамень” правапарушэння, прадугледжанага арт. 19.11 КаАП, і, калі факт будзе пацверджаны, прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

    Петыцыя адрасаваная ў пракуратуру Віцебскай вобласці і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Тым часам згаданы артыкул з ілюстрацыяй артыкул быў выдалены з сайта chyrvonka.by.

    Адказу складальнікі петыцыі пакуль не атрымалі. Яго чакаюць таксама праваабаронцы і журналісты: цікава даведацца, ці пакараюць дзяржаўнае выданне “за распаўсюд экстрэмізму” тым часам, як суды прызначаюць буйныя штрафы і арышты простым грамадзянам за рэпосты ў сацыяльных сетках матэрыялаў з СМІ, якія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці