Андрэй Аляксандраў і Андрэй Скурко — зняволеныя журналісты сярод пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясьцілі сем пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досьведзе.
У 2021 годзе ляўрэатамі сталі:
Андрэй Аляксандраў. Вершы з‑за кратаў.
Літаратура з турмы. Андрэй Аляксандраў: «Краты — толькі хэштэг»
Аляксандар Васілевіч. «Папа и пингвин». Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА.
Літаратура з турмы. Аляксандар Васілевіч: «Добрыя ўчынкі. І сьвятла становіцца больш»
Максім Знак. Цыкль турэмных вершаў.
Літаратура з турмы. Максім Знак: «Яны думалі — нас пахавалі… А мы — бульба! Як нас пахаваць?»
Вольга Калацкая. Турэмны дзёньнік. Зьмешчаны ў фэйсбуку.
Літаратура з турмы. Вольга Калацкая: «У камэры не відаць, якое надвор’е»
Сьвятлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.
Літаратура з турмы. Сьвятлана Купрэева: «У цэмэнтным склепе танцаваць, усім сэрцам усьміхацца!»
Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў.
Літаратура з турмы. Мікола Папека: «Душа ўвесь час глядзіць у беспраглядную цемру. Імкнецца на волю…»
Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
Літаратура з турмы. Андрэй Скурко: «Знаходзьце нагоды для радасьці і будзьце спакойныя за мяне»
Журы таксама адзначае творчасьць паэтаў Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Уладзімера Лянкевіча, Дзьмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга, якая таленавіта інтэрпрэтуе тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару.
Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мэмуарыстыкі і прыпавесьцяў за кратамі ўжо стварылі і працягваюць ствараць Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, якія ўжо зьяўляюцца ляўрэтамі прэміі імя Аляхновіча (прэмія прысуджаецца аднойчы).
Літаратура з турмы. Алесь Бяляцкі: «У мяне як у назьве рамана Аляксандра Дзюмы „Десять лет спустя“»
Літаратура з турмы. Павал Севярынец: «Тата ўсё яшчэ ў турме за Беларусь»
Літаратура з турмы. Аляксандар Фядута: «Свабода ўнутры нас»
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН віншуюць ляўрэатаў, жадаюць найхутчэйшага вызваленьня і плянуюць правесьці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджаньня ў Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма.
Дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
«Беларускія пісьменьнікі і інтэлектуалы ў сучаснай Беларусі паводле дэфолту палітычныя вязьні, нават калі яны не за кратамі. Чытаць іх творы, купляць кнігі, пісаць рэцэнзіі, цытаваць, згадваць, адпраўляць ім лісты — справа ня проста маральнай падтрымкі і салідарнасьці, а акт супраціву і культуры, пашырэньня свабоды і сьвятла».
Прадстаўніца Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай:
«Ляўрэаты сёньняшняй Прэміі Аляхновіча — гэта толькі невялікая частка людзей, якія сёньня пішуць, знаходзячыся ў зьняволеньні. Літаратура становіцца для іх, з аднаго боку, легальнымі ўцёкамі з турмы, спробай выйсьці з той рэальнасьці, спосабам перажыць яе ў творчасьці. З іншага боку — гэта таксама фіксацыя рэальнасьці і помнік нашаму часу і яго героям. У бліжэйшыя гады перад намі як супольнасьцю яшчэ будзе стаяць агромная праца па зборы і апрацоўцы турэмнай літаратуры».
Адрасы ўвязьненых ляўрэаўтаў прэміі імя Францішка Аляхновіча можна знайсьці тут.
***
Прэмія заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з Радыё Свабода і носіць імя драматурга і рэжысэра Францішка Аляхновіча (1883–1944), аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ».
Ад пачатку яна ўручалася 10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Летась арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэньня ляўрэатаў — 15 лістапада, сусьветны Дзень зьняволенага пісьменьніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН. Прэмія ўручаецца аднойчы, журы можа вырашыць не ўручаць прэмію, калі ў нейкі пэрыяд не зьяўляліся новыя творы турэмнай літаратуры.
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
-
2013: Ігар Аліневіч;
-
2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп;
-
2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка;
-
2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык.