У рэдакцыю газеты «Ганцавіцкі час» зноў прыйшлі сілавікі. Гэта трэці ператрус за паўгода
Раніцай 9 снежня ў рэдакцыю недзяржаўнай рэгіянальнай газеты "Ганцавіцкі час" з ператрусам прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. У выніку сілавікі забралі флэш-картку і некаторыя дакументы.
Папярэдні раз у рэдакцыю «Ганцавіцкага часу» прыходзілі сёлета 5 кастрычніка — таксама супрацоўнікі ДФР. У выніку таго ператрусу забралі камп’ютарную тэхніку, якую не вярнулі дагэтуль.
Ператрусы былі і ўлетку 2021 года — як у рэдакцыі, так і ў работнікаў. Тады апаратуру забіралі супрацоўнікі КДБ, якія казалі, што журналісты праходзяць у якасці сведкаў па крымінальна справе. Напрыканцы лістапада ўсю тэхніку рэдакцыі і журналістам КДБ вярнула.
Па прыблізных падліках, за апошні год у рэдакцыі «Ганцавіцкага часу» і ў супрацоўнікаў выдання прайшло больш за 15 ператрусаў і аглядаў.
Днямі Брэсцкая друкарня абвесціла, што адмаўляецца друкаваць газету «Ганцавіцкі час» ад пачатку 2022 года.