Gazeta Wyborcza выйшла з паштоўкай для Анджэя Пачобута
Вядомая польская газэта прапануе напісаць калядныя віншаваньні палітвязьню рэжыму Лукашэнкі.
Анджэй Пачобут ужо 267 дзён знаходзіцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, піша Gazeta Wyborcza. Сёлета калегі прызналі яго журналістам году ў Польшчы, гэта ўжо другая такая ўзнагарода для журналіста зь Беларусі.
У папяровым выпуску газэты, што выйшаў у панядзелак, 20 сьнежня, знаходзіцца паштоўка, якую прапануюць падпісаць чытачам і даслаць у Беларусь, такім чынам віншуючы Пачобута з Калядамі. Напісаць просяць па-расейску, бо польскі тэкст можа не прайсьці турэмную цэнзуру. Таксама газэта просіць чытачоў устрымацца ад палітычных момантаў, каб было больш шанцаў на тое, што паштоўку Пачобуту перададуць.
48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з‑над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі зь гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».
Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў, у парушэньне ўсіх правілаў, вывезьлі ў Польшчу.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки! ВСЕ АДРЕСА