• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады заблякавалі сайт праваабарончай арганізацыі Human Constanta за «распальваньне варожасьці»

    Саму арганізацыю Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі ў жніўні 2021 году.

    У паведамленьні пракуратуры Менску гаворыцца, што нібыта «на сайце разьмешчаная недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадзтве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады» і сілавікоў, а таксама паведамленьні, якія «распальваюць варожасьць».

    Беларускую праваабарончую арганізацыю Human Con­stan­ta зарэгістравалі ў 2016 годзе, у Менску. Яна працуе з правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў чалавека адносна замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўваньне анты-дыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, лічбавых свабод і правоў. Таксама Human Con­stan­ta дапамагала ўцекачам і мігрантам.

    У сярэдзіне жніўня 2021 года праваабаронцу Human Con­stan­ta Насту Лойку затрымалі Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і адвезьлі на допыт. У жніўні Насту зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна, перад гэтым у яе кватэры прайшоў вобшук. Праз 72 гадзіны яе вызвалілі. Наста Лойка пасьля вызваленьня знаходзіцца ў статусе падазраванай. Яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні ў нявыплаце падаткаў» у крымінальнай справе супраць кіраўніцтва ПЦ «Вясна». Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе і пад абавязаньнем аб яўцы.

    Саму арганізацыю Human Con­stan­ta ўлады зьліквідавалі ў жніўні 2021 году.

    Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

    У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

    22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

    «Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

    «Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

    30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

    «У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

    Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

    Паводле «Вясны», ліквідавана ці ў працэсе ліквідацыі 275 грамадскіх арганізацый.

    Сярод ліквідаваных арганізацый

    • Human Con­stan­ta

    • Беларуская асацыяцыя журналістаў

    • Беларускі Хэльсынскі камітэт

    • Гродна Лайф Медыя

    • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

    • Зьвяно

    • Имена

    • Мова нанова

    • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю

    • ПЭН-цэнтар

    • Прававая ініцыятыва

    • Саюз беларускіх пісьменьнікаў

    • Тэрыторыя правоў

    • Цэнтар прававой трансфармацыі

    • Экадом

    • Таварыства беларускай мовы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці