Карупцыя ў Казахстане, расізм у Ізраілі, смерць мігрантаў у ЕС. Анлайн фестываль дакументальнага кіно — што паглядзець
З 21 па 28 студзеня праходзіць фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus, дзе сабраныя стужкі з усяго свету аб парушэннях правоў чалавека. У Венесуэле падрыхтоўка да выбараў падзяляе грамадства на розныя лагеры. У Штатах некалькі паліцэйскіх, рызыкуючы сваёй кар’ерай, змагаюцца з расавымі квотамі на затрыманне. У Ізраілі футбольная каманда падпісвае кантракт з гульцамі-мусульманамі і атрымлівае неверагодную хвалю нянавісці. А ў Еўропе лабіруюць інтарэсы аўтарытарных рэжымаў Азербайджана, Туркменістана і Казахстана, каб тыя атрымалі выгадныя міжнародныя кантракты.
Фільмы прадстаўленыя анлайн, доступ бясплатны. Гэта рэдкая магчымасць убачыць унутранае жыццё краін, далёкіх ад нас па адлегласці, але блізкіх па некаторых праблемах.
Як выбары падзяляюць жыхароў Венесуэлы
Фільм «Аднойчы ў Венесуэле» — адлюстраванне ўсіх недахопаў сучаснай Венесуэлы. Вёска Конга Мірадор рыхтуецца да парламенцкіх выбараў. Для мясцовай прадпрымальніцы і прадстаўніцы партыі чавістаў Тамары важны кожны голас, за які яна змагаецца любымі спосабамі, а для выкладчыцы Наталі, прыхільніцы апазіцыі, палітыка з’яўляецца зброяй, якой яе беспаспяхова спрабуюць пакінуць без працы. Тым часам маленькая праніклівая Яаіні назірае, як яе грамада тоне ў муле разам з яе дзяцінствам і чысцінёй. Як маленькая рыбацкая вёска можа выжыць ва ўмовах карупцыі, забруджвання і палітычнага разлажэння?
Як экстрэмізм пашыраецца на Захадзе
Фільм «Выхад» аналізуе досвед еўрапейцаў і амерыканцаў, якія ў свой час далучыліся да экстрэмісцкіх фармаванняў, у тым ліку — рэлігійных. Карэн, якая жыве ў Нарвегіі, сустракаецца для шчырай размовы з Анджэлай ў ЗША і Мануэлем і Інга ў Германіі, якія жывуць цяпер, хаваючыся ад наступстваў свайго небяспечнага мінулага. Яна таксама сустрэнецца з Сорэнам, які выйшаў з экстрэмісцкага левага руху. І яна пагаворыць з Давідам, былым джыхадзістам, які ўдзельнічаў у арганізацыі аднаго з першых ісламісцкіх тэрактаў у Францыі. На працягу ўсіх вандровак Карэн набліжаецца і да ўспаміну ўласнага «званка» да абуджэння. Разважанні аб сваім мінулым, поўным гвалту, і пра тое, як ёй удалося выйсці з экстрэмізму, утвараюць эмацыйны псіхалагічны кантрапункт з апавяданнямі людзей, што сустракаюцца ёй у падарожжах.
Як паліцэйскія ў Штатах пайшлі супраць сістэмы
Фільм «Злачынства і пакаранне» распавядае пра гісторыю супольнай барацьбы групы паліцэйскіх з Нью-Ёрка і маладых прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў супраць практыкі расавай квоты на арышты і позвы ў суд. Такія квоты — практыка, існаванне якой адмаўляе дэпартамент паліцыі Нью-Ёрку, а штат Нью-Ёрк абвясціў незаконнай. Дзякуючы намаганням групы неабыякавых афіцэраў і аднаго незалежнага дэтэктыва, якія рызыкуюць кар’ерай і бяспекай, стала вядома пра заганную практыку ў працы ўплывовага паліцэйскага дэпартаменту Злучаных Штатаў.
«Атамныя салдаты»
Пасля 50 гадоў вымушанага маўчання «атамныя салдаты» дзеляцца шакуючымі сведчаннямі. Апошнія жывыя сведкі амерыканскіх ядзерных выпрабаванняў 50‑х гадоў апісваюць вопыт, які змяніў іх жыцці назаўсёды.
Расізм у Ізраілі
«Бейтар Іерусалім» — самая папулярная і супярэчлівая футбольная каманда Ізраіля, адзіны клуб у Прэм’ер-лізе, які ні разу не падпісаў арабскага гульца. У сярэдзіне сезону 2012–2013 гадоў, дзякуючы таемнай трансфернай угодзе ўладальніка, расійска-ізраільскага алігарха Аркадзя Гайдамака, у камандзе з’явіліся два гульцы-мусульманіны з Чачні. Дамова справакавала самую расісцкую кампанію ў ізраільскім спорце, якая вывела клуб з‑пад кантролю. Адзін сезон у жыцці гэтага знакамітага клуба — гэта гісторыя ізраільскага грамадства, асабістай ідэнтычнасці, палітыкі, грошай, а таксама дэманстрацыя таго, як расізм разбурае каманду і грамадства знутры.
Як асуджаныя на пажыццёвае зняволенне змагаюцца з болем і страхамі
ЗША застаюцца краінай з высокай доляй асуджаных у грамадстве. У фільме «Унутраная праца» распавядаецца пра групавую тэрапію ў знакамітай каліфарнійскай турме ўзмоцненага рэжыму Фалсом. Асуджаныя, якія часта адбываюць пажыццёвае зняволенне, і людзі звонку ўдзельнічаюць у чатырохдзённых сесіях. Для зняволеных тэрапія — гэта ўнікальная магчымасць перажыць эмоцыі, недасяжныя ў варунках турэмнага жыцця. Спачатку яны насцярожаныя, але пры падтрымцы тэрапеўтаў працэс хутка пачынае ўплываць на іх. Узнікаюць моцныя эмоцыі, канфлікты, крыкі. Аўтарам удалося паказаць сапраўдны траўматычны працэс, пры гэтым яны не ідэалізуюць сваіх галоўных герояў. Некаторыя з удзельнікаў без сумневаў спрабуюць праз тэрапію атрымаць умоўнае вызваленне. Аднак сярод вызваленых удзельнікаў фіксуецца нулявы рэцыдыў.
Як постсавецкія дыктатары і карупцыянеры атрымліваюць выгадныя кантракты на Захадзе
У фільме «Падмазаныя ікрой» аналізуецца заганная практыка еўрапейскіх палітыкаў і лабістаў, што прасоўваюць інтарэсы аўтарытарных і карупцыйных постсавецкіх рэжымаў. У цэнтры расследавання — узаемадзеянне з краінамі Каўказа і Сярэдняй Азіі, найперш Азербайджан, Туркменістан і Казахстан, вядомыя парушэннямі правоў чалавека. Аднак выкарыстоўваючы правільнае спалучэнне мяккай сілы і карупцыі, яны змаглі ачысціць рэпутацыю і стаць камерцыйнымі партнёрамі шматлікіх краін. Іх самыя магутныя саюзнікі сядзяць у Радзе Еўропы або заходніх парламентах і лічаць за лепшае заплюшчыць вочы на злоўжыванні. Сістэмная карупцыя і яе трагічныя наступствы паказваюць абмежаванне дэмакратычных інстытутаў на Захадзе і знаходзяцца ў цэнтры сюжэта фільма.
Як мігранты ўцякаюць у Еўропу, дзе па дарозе выжывае не кожны
Адразу некалькі фільмаў на фестывалі прысвечаныя праблемам мігрантаў. Яшчэ нядаўна беларусам здавалася, што нас гэта не тычыцца, але сёння праблема — на парозе нашага дома. У фільме «Капітаны Заатары» распавядаецца пра двух бежанцаў, якія жывуць у лагеры ў Іардане. Яны не разумеюць, што іх чакае ў будучыні, але канцэнтруюць энергію на футболе. Нягледзячы на цяжкія абставіны ў лагеры, яны кожны дзень трэніруюцца і вераць, што прафесійная гульня — іх пропуск на волю. У цэнтры ўвагі фільма «Гульня ценяў» — падлеткі, якія ўцяклі з краін, ахопленых вайной, і спрабуюць перасекчы межы Еўропы ў пошуках абароны і лепшага жыцця. Іх падарожжа праходзіць праз усю Еўропу: ад Грэцыі да Паўночнай Македоніі, Сербіі і Босніі і Герцагавіны, ад Італіі да Францыі і Нідэрландаў. Фільм здымалі на працягу трох гадоў, часткова — самі галоўныя героі. І яшчэ адна стужка — «Катастрофа на моры», якая распавядае пра трагедыю 2013 года, калі човен з 500 эрытрэйскімі ўцекачамі затануў ля берагоў італьянскага вострава Лампедуза. Больш за 360 чалавек патанулі.
Вызваленне з палону тэрарыстаў
У фільме « Дзяцінства Імада» аналізуецца траўматычны досвед хлопчыка, які быў у палоне баевікоў Ісламскай дзяржавы. За час зняволення яму настолькі прамылі мазгі, што ён лічыць сябе часткай тэрарыстычнай арганізацыі, ненавідзіць блізкіх і тых, хто зараз з ім побач. Ці зможа сям’я дапамагчы перажыць яму траўму і ці зможа ён стаць дзіцёнкам, якім быў раней?
Правы жанчын у арабскім свеце і не толькі
Тры стужкі ў праграме прысвечаныя правам жанчын. У фільме «Амаль» аналізуецца сітуацыя ў паслярэвалюцыйным Егіпце. Галоўная гераіня шукае сваё месца ў патрыярхальным грамадстве, але і ўсведамляе абмежаваныя магчымасці жанчыны ў арабскай паліцэйскай дзяржаве. У стужцы «Сёрферкі з Бангладэш» мы бачым дзяўчат, якія мараць пра свабоду і спрабуюць схавацца ад жорсткага абыходжання. Фільм «Сільвана» — гісторыя спявачкі са Швецыі. Яе жорсткі рэп аўтабіяграфічны, ён пабудаваны на сэксуальнай ідэнтычнасці, палітычных поглядах і асабістай імігранцкай гісторыі (яе бацька паходзіць з Сірыі, а маці — з Літвы). Галоўная гераіня называе Швецыю жахліва кансерватыўнай краінай, якая неўзабаве выбухне ад ксенафобіі.
Фільмы даступныя да прагляду па 28 студзеня з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны на платформе VOD.