• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Расійскія вайскоўцы абстралялі і абрабавалі аўтамабіль, у якім знаходзілася журналістка «Громадського»

    Расійскія вайскоўцы абстралялі і абрабавалі аўтамабіль, у якім знаходзілася журналістка « Громадського» Вікторыя Рошчына. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

    Па словах Вікторыі Рошчынай, яна разам з кіроўцам машыны натыкнулася на калону расійскіх танкаў у Запарожскай вобласці.

    «Далей — грукат танкаў, белая літара Z, сцяг Расійскай Федэрацыі. Яны выехалі з‑за павароту і накіраваліся ў наш бок. З кіроўцам далі заднюю і паспрабавалі развярнуцца. Па нам пачалі актыўна працаваць расіяне. Кулі, а потым снарады. На шчасце, яны праляцелі міма. Я дала каманду спыніцца, кінуць машыну і легчы ў поле. Але калоны пайшлі на нас, і выратаваннем стаў закінуты дом, за якім чакалі праезду расійскай тэхнікі», — напісала яна.

    «Пакуль мы хаваліся, нашу машыну адкрылі. Была налепка Прэса. У мяне забралі ноўтбук, фотаапарат, заплечнік і цыгарэты кіроўцы», — распавяла журналістка. Яна адзначыла, што засталася без сувязі і ў акружэнні.

    «Танкі па абодва бакі вёскі. Мы акружаны і не можам перадаць інфармацыю. Самае страшнае ў акупацыі — ноч. Світанак усё ж усяляе надзею на лепшае. У нас пачалося не з абстрэлаў і не з падвалаў. Каля 150 адзінак расейскай тэхнікі рушылі ў бок нашых мірных вёсак. Я пайшла ў разведку пешшу. З‑за стрэсу не адчувала стомленасці, холаду і страху. Далей было шмат чаго. І абавязкова будзе», — напісала Рошчына. Яна таксама дадала, што іх выратавалі людзі.

    «Я паехала ў рэгіёны, каб расказаць, што там адбываецца і пра што думалі людзі, якія ўвесь гэты час жывуць без сувязі, пад дулам кулямётаў, градам і грукатам расійскіх танкаў. У невялікіх вёсках і мястэчках акупанты адчуваюць сябе «героямі»: страляюць у мірных жыхароў, падпальваюць машыны, забіваюць, рабуюць. Яны ператвараюць жыццё людзей у пекла, траўміруюць псіхіку дзяцей. Яны забралі маю тэхніку, але не адбяруць жадання сказаць праўду пра свае злачынствы. На гэты раз мяне, напэўна, зноў выратаваў цуд. Але Расіі я ніколі не дарую. Ніколі», — напісала журналістка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці