• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пайшоў з жыцця журналіст, перакладчык, грамадскі дзеяч з Брэста — Яўген Бяласін. Час і месца развітання вядомыя

    Вечарам, 10 сакавіка, у шпіталі пасля ўскладненняў, выкліканых каронавірусам, на 68 годзе жыцця памёр Яўген Бяласін —  германіст, перакладчык, журналіст і грамадскі дзеяч з Брэста.

    Правесці ў апошні шлях спачылага Яўгена Бяласіна можна будзе ў суботу, 12 сакавіка, у грэка-каталіцкай царкве св. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя (вул. Дворнікава, 63, мікр‑н Адамкова-Рэчыца, праезд аўт. № 9, 20, 37, маршрутнае таксі № 20).

    12.00 – Адпяванне і  развітанне ў царкве.
    14.00 – Пахаванне на Паўночных могілках (в. Матыкалы).

    А 18‑й гадз. у царкве будзе адслужана Боская Літургія за спачылага Яўгена Бяласіна, а таксама за ўсіх спачылых.

    Пра гэта паведаміў Ігар Бараноўскі.

    «У 1990‑я гады мне давялося працаваць разам з Яўгенам Бяласіным, які быў ініцыятарам стварэння і дырэктарам Брэсцкай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага Цэнтру, кіраваў беларускім вечаровым ліцэем пры ім. Добра ведаў яго і як грамадскага дзеяча, чалавека з прынцыповай пазіцыяй. З канца 1980‑х гадоў Яўген Бяласін быў актывістам адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Брэсце. У канцы 1990‑х – пачатку 2000‑х гг. ён узначальваў Брэсцкую гарадскую Раду БНФ

    Яўген Бяласін скончыў Мінскі інстытут замежных моў. 20 гадоў, да палітычна матываванага звальнення ў 2001 годзе, адпрацаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам германістыкі (нямецкая мова і спадарожныя курсы). Пасля звальнення працаваў як перакладчык і журналіст.

    Супрацоўнічаў з газетамі «Брестский курьер», «Новы час» і іншымі незалежнымі СМІ. Вядомы як эсэіст, аўтар соцень публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў», — расказвае Ігар Бараноўскі..

    Пра творчы даробак Яўгена Бяласіна гл. на сайце Брэсцкай абласной бібліятэкі.

    Тут можна прачытаць матэрыялы спадара Яўгена Бяласіна ў «Новым Часе».
    І тут пад псеўданімам Антон Лашкевіч.

    Перакладаў не толькі з нямецкай, але таксама з ангельскай і польскай моваў ды з розных моваў на нямецкую. У суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім Яўген Бяласін падрыхтаваў і выдаў Кароткую граматыку нямецкай мовы.

    Самыя важныя з перакладзеных Яўгенам Бяласіным кніг: Петэр Гандкэ, «Шаршні»; Чарльз Дыкенз, «Олівер Твіст»; Себасцьян Хафнэр «Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914 – 1933», Зыгмунд Фрэйд «Дыскамфорт ад культуры», Фрыдрых Шылер, «Выбраная паэзія» (у серыі «Паэты планеты, у суаўтарстве) і інш.

    Аўтарскія кнігі: «На пераломе» (вершы, кароткая проза, пераклады), «Шчупакабра» (рыбацкія гісторыі).

    Яўген Бяласін быў сябрам БАЖ – Беларускай асацыяцый журналістаў і Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

    БАЖ выказвае спачуванні родным, сябрам і калегам Яўгена Бяласіна. Светлая памяць!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці