Пасля 10 гадоў зняволення на свабоду выйшаў саудаўскі блогер і актывіст Раіф Бадаві
Раіф Бадаві — саудаўскі блогер і актывіст, быў заключаны ў турму ў 2012 годзе па абвінавачанні ў абразе ісламу і кіберзлачыннасці. Яго сайт Saudi Free Liberals Forum быў закрыты пасля арышту Бадаві ў 2012 годзе. Бадаві выступаў за аддзяленне рэлігіі і палітыкі, за свабоду слова і правы жанчын — крытыкаваў рэлігійную паліцыю Саудаўскай Аравіі.
Акрамя турэмнага зняволення, Бадаві таксама прысудзілі 1000 удараў бізуном. У 2015 годзе яго публічна пакаралі 50 ударамі, што выклікала вялікі рэзананс. У выніку астатняе пакаранне адмянілі, піша Deutsche Welle.
Калі Бадаві згадваў гэты эпізод з жыцця, то казаў, што падчас біцця яго «акружыў радасны натоўп, якая няспынна крычаў «Алаху Акбар» (Бог найвялікшы)». І ўсё гэта толькі таму, што ён выказаў сваё меркаванне.
Бадаві стаў міжнародным сімвалам свабоды слова, ён быў узнагароджаны прэміяй Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі.
У 2020 годзе Саудаўская Аравія ў рэшце рэшт адмяніла такое пакаранне, як збіццё.
Жонка Бадаві і трое іх дзяцей атрымалі палітычны прытулак у Канадзе. Гэтая краіна таксама паабяцала даць яму грамадзянства, як толькі ён зможа пакінуць Саудаўскую Аравію, але праваабарончыя арганізацыі заявілі, што Бадаві ўможа пагражаць 10-гадовая забарона на выезд.