Палітвязня і супрацоўніка радыёстанцыі «Гомель» Аляксея Кругляка асудзілі ў суботу да года калоніі
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля завяршыў разгляд крымінальнай справы вядучага радыёстанцыі «Гомель», палітвязня Аляксея Кругляка, вядомага пад псеўданімам Аляксей Каверын. Журналіста абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».
Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок.
Аляксея Кругляка затрымалі 2 снежня 2021 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №3 Гомеля.
Паводле абвінавачання, Аляксей Кругляк, знаходзячыся на працоўным месцы на Гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефону ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года напісаў некалькі паведамленняў, якія тычацца палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. Ён убачыў, які гвалт і агрэсія былі ў Менску і іншых гарадах краіны над мірнымі жыхарамі, якія выказвалі сваё стаўленне да выбараў, паведамляе ПЦ «Вясна».
На эмоцыях Аляксей прапанаваў выходзіць на вуліцы ў Гомелі, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Сам гатовы быў удзельнічаць у любых актыўных дзеяннях, нават надзець белую вопратку і далучыцца да жанчын з кветкамі, калі будзе неабходна, то і ў сукенку. Гэтыя паведамленні расцанілі як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а яго – арганізатарам гэтых дзеянняў.
Крымінальную справу завялі толькі праз год, восенню 2021 года, калі хтосьці з гэтага закрытага чата зліў інфармацыю, якая ўтрымлівала заклікі, у праўладны чат «Жоўтыя злівы».
Аляксей да таго часу пра гэтыя паведамленні ўвогуле забыўся і своечасова іх не выдаліў. Пасля апублікавання ён спалохаўся, запісаў і выклаў у інтэрнэт «пакаяльнае» відэа, дзе ён ад усяго адхрышчваўся ў надзеі, што яго не затрымаюць. Але было позна…
Напачатку следства Кругляк сваю віну прызнаваў часткова, прызнаваў, што пісаў ён, але нікуды, нікога не заклікаў, а «проста хацеў выйсці прагуляцца ў кампаніі і паглядзець абстаноўку ў горадзе».
А на судовым працэсе Кругляк пагадзіўся даваць паказанні і тады прадстаўнік абвінавачання і суддзя дамагліся ад яго поўнага прызнання віны.
Аляксей цалкам прызнаў віну, усвядоміў, каецца, хоча да маці, жонкі і дачкі.
Сведкі, якія выступілі на працэсе, пацвердзілі яго прысутнасць і нік у службовым чаце.
Таксама ў судзе былі прагледжаныя крыншоты паведамленняў, галасавых паведамленняў і ягонае «пакаяльнае» відэа.
Пракурор запрасіў для абвінавачанага адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У сваім апошнім слове Аляксей, добра пастаўленым дыктарскім голасам агучыў, што згодны на ўсё, нават стаць «рупарам прапаганды», працаваць не пакладаючы рук на карысць краіны і рэжыму, абы не адпраўлялі ў калонію, а адпусцілі дадому да сям’і. Гэтак жа за яго вельмі перажывалі маці і жонка і прысутныя на працэсе, крыху перапалоханыя з‑за сітуацыі са знаёмым.
Суддзя Віктар Казачок прызначыў Кругляку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, за выняткам часу праведзенага пад следствам у СІЗА.