Пракурор патрабуе 2,5 гады калоніі рэдактарам «Нашай Нівы». Прысуд у аўторак
У судзе Заводскага раёна Мінска працягнуўся суд над галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам і кіраўніком аддзела рэкламы Андрэем Скурко. За кратамі яны з 8 ліпеня.
Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор запатрабаваў два з паловай гады калоніі рэдактарам «Нашай Нівы».
Прысуд будзе абвешчаны заўтра, у аўторак, у 14:30
Працэс пачаўся 28 лютага.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Шкоду, нібыта нанесеную камунальнікам, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампенсавалі ў поўным аб’ёме. «Мінскэнэрга» адклікала іск і прэтэнзій да іх не мае.
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Яны трапілі пад каток рэпрэсій, які прайшоўся ці не па ўсіх незалежных выданнях Беларусі.