У супрацоўніцтве з украінскай выведкай КДБ абвінаваціў журналіста Дзяніса Івашына
У супрацоўніцтве з украінскай выведкай КДБ абвінаваціў журналіста Дзяніса Івашына, які ўжо год за кратамі.
«Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы да ўвагі ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны.»
Так, за актыўны ўдзел у інфармацыйных акцыях ён узнагароджаны граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова, на той момант куратара Генеральнага штаба ўзброеных сіл Украіны, а нацыянальная камісія па пытаннях замежных украінцаў выдала яму пасведчанне замежнага ўкраінца», — распавялі ў КДБ.
Акрамя таго, на яго рахунак перыядычна паступалі грашовыя сродкі ў доларах ЗША. «Ужо павярхоўная праверка паказала высокі ўзровень канспірацыі сумежнага боку ў працы са сваімі замежнымі крыніцамі. Так, адным з адпраўнікоў грашовых сродкаў значылася жонка ўжо вядомага Камітэту дзяржбяспекі былога афіцэра ГЦІПСА Максіма Маёрава, які з’яўляецца цяпер аглядальнікам InformNapalm, аўтарам кнігі «Крым за занавесом. Путеводитель зонной оккупации», — цытуе БЕЛТА аргументы камітэта.
Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Спачатку яго абвінавацілі паводле арт. 365 КК («умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»), а потым выставілі новае абвінавачанне — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК Беларусі).
Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволення.
Жонка Дзяніса Івашына, Вольга, пракаментавала абвінавачванні ейнага мужа з боку КДБ ў нібыта супрацы з украінскай выведкай
«Па-першае, выглядае гэты ўкід досыць дзіўнавата, хоць і зразумела ва ўмовах магчымай падрыхтоўкі нападу войскаў РБ на Украіну. Днямі я апублікавала нашыя з Дзянісам разважанні наконт планавання новага этапу агрэсіі супраць Украіны з непасрэдным удзелам вайскоўцаў РБ, называла патэнцыйную дату 25 сакавіка. Цалкам верагодна, што мы ўгадалі, і гэтыя феерычныя абвінавачанні ёсць не чым іншым, як помстай.
А яшчэ падобныя заявы лёгка кладуцца ў хвалю антыўкраінскай істэрыі, якая мае на мэце сфармаваць грамадскую думку беларусаў у ключы нянавісці да нашага брацкага народу. Бо дзяржзлачынцам і сапраўдным здраднікам трэба падрыхтаваць ідэалагічную глебу дзеля таго, каб беларусы знянацку пачалі на загад акупантаў страляць ва ўкраінцаў», — кажа ў размове з «Белсатам» Вольга Івашына.