Кіраўнік БАЖ сустрэўся з міністрам замежных спраў Францыі
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец разам з прадстаўнікамі беларускай праваабарончай супольнасці сустрэўся з міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам Ле Дрыанам (Jean-Yves Le Drian).
У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі. Яны распавялі французскаму палітыку пра сітуацыю з правамі чалавека, пра стан грамадства, адносіны да вайны ва Украіне. Падрабязна была абмеркаваная тэма сітуацыі ў незалежнай медыясферы Беларусі, у праваабарончай супольнасці.
Кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец распавёў, у якіх умовах цяпер працуюць беларускія незалежныя медыя — і тыя, хто застаецца ў Беларусі, і хто быў вымушаны вывезці рэдакцыі з краіны, з якімі выклікамі сутыкаюцца.
Андрэй Бастунец, сярод іншых, згадаў і пра праваабаронцу Леаніда Судаленку, які ў 2018 годзе атрымаў прэмію Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” за вялікі ўнёсак у абарону правоў чалавека. Гэта быў першы выпадак уганаравання беларуса за праваабарончую дзейнасць прэстыжнай французкай узнагародай.
Беларуская дзяржава пакарала Леаніда за яго працу пазбаўленнем волі, як і яго калег па праваабарончаму полю, як і 26 прадстаўнікоў медыясферы, якія цяпер за кратамі. Агулам пад крымінальны пераслед цягам апошніх двух год трапілі каля 60 журналістаў і супрацоўнікаў медыя.
Нагадаем, праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», за «падрыхтоўку людзей для ўдзелу ў іх», а таксама за «фінансаванне такіх дзеянняў».
Пасля суду палітвязня этапіравалі ў віцебскую калонію «Віцьба», дзе ён і адбывае пакаранне.
Леанід Судаленка: “Журналісты і праваабаронцы – заўжды на перадавой”
Андрэй Бастунец падкрэсліў, што, нягледзячы на рэпрэсіі, беларускі незалежны медыясектар працуе і выконвае сваю місію: даносіць аўдыторыі аб’ектыўную, узважаную інфармацыю. Што асабліва важна ў цяперашні час, калі ідзе вайна ва Украіне, па тэрыторыі Беларусі свабодна ездзяць расійскія танкі, а ўзровень рэпрэсій у грамадстве зашкальвае.