Нарвежскі ўладальнік «Куфара» сыходзіць з Беларусі. Пляцоўку перадаюць мясцовай камандзе
Міжнародная кампанія Adevinta, якая спецыялізуецца на анлайн-аб'явах, абвясціла аб сваім сыходзе з беларускага рынку. Сваю пляцоўку па размяшчэнні аб'яў у Беларусі «Куфар» кампанія перадае існуючай мясцовай камандзе, паведамляе reform.by.
У прэс-рэлізе гаворыцца, што яшчэ ў лістападзе 2021 года кампанія абвясціла аб неабходнасці перагляду сваёй дзейнасці ў Беларусі, а напад Расіі на Украіну паскорыў гэты працэс.
Цяпер Adevinta засяродзіцца на сваіх пяці асноўных еўрапейскіх рынках (Германія, Францыя, Іспанія, Бенілюкс і Італія).
Кампанія «Куфар», заснаваная ў 2012 годзе, з’яўляецца адным з вядучых сэрвісаў у галіне аб’яў і электроннай камерцыі ў Беларусі, прапаноўваючы кліентам як новыя, так і былыя ва ўжыванні тавары ў дадатак да паслуг анлайн-крэдытавання.
З моманту свайго стварэння бізнэс хутка заваяваў папулярнасць і ў цяперашні час з’яўляецца адным з самых вядомых сайтаў аб’яў у краіне з больш чым 5,8 мільёнамі актыўных карыстальнікаў у месяц. У рэйтынгу Alexa праект займае 7‑е месца сярод усіх сайтаў, папулярных у беларусаў. «Куфар» першапачаткова быў часткай партфоліа Schibsted, а затым перайшоў у Adevinta у 2019 годзе. Зараз у беларускай кампаніі працуе 141 чалавек.
«У мінулым годзе мы абвясцілі аб пачатку праверкі некалькіх нашых прадпрыемстваў, уключаючы Kufar, у рамках нашага стратэгічнага рашэння засяродзіцца на ўмацаванні лідзіруючых пазіцый на нашых пяці асноўных еўрапейскіх рынках. Kufar — гэта бізнэс з вялікім патэнцыялам, і мы ўпэўненыя, што кампанія працягне расці пад кіраўніцтвам Тані Лемешавай і яе кіраўніцкай каманды», — сказаў генеральны дырэктар Adevinta Ролв Эрык Рысдал.
Таццяна Лемешава ўзначаліла «Куфар» у лютым 2022 года, якая да новага прызначэння кіравала ў кампаніі камандай распрацоўшчыкаў прадукту. Раней кампаніяй чатыры гады кіраваў Арцём Рабцэвіч.