У выніку расейскага ракетнага ўдару па Кіеве загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода
Мэр Кіева Віталь Клічко раніцай 29 красавіка паведаміў, што ў выніку трапляньня расейскай ракеты ў шматпавярховік у Шаўчэнкаўскім раёне Кіева загінуў адзін чалавек. Пасьля стала вядома імя — гэта журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Вера Гірыч.
Пра гэта ў сацсетках паведамілі яе калегі і пацьвердзілі ў рэдакцыі. Вера Гірыч працавала прадусарам украінскай службы Радыё Свабода ў Кіеве.
«Веры больш няма. Дакладная расейская ракета патрапіла ў яе дом, Вера праляжала там усю ноч, а знайшлі яе толькі з раніцы», — напісаў супрацоўнік Радыё Свабода Аляксандар Дземчанка.
«Рэдакцыя Радыё Свабода выказвае спачуваньні сям’і Веры Гірыч і запомніць яе як сьветлага і добрага чалавека, сапраўднага прафэсіянала», — гаворыцца ў паведамленьні рэдакцыі.
Вера Гірыч пачала працаваць у кіеўскім бюро Радыё Свабода 1 лютага 2018 году. Да гэтага яна працавала на вядучых украінскіх тэлеканалах.
Таксама вядома, што ў выніку ракетнага ўдару пацярпелі сама меней 10 чалавек, чацьвёра зь іх шпіталізаваныя.
Увечары 28 красавіка расейцы атакавалі сталіцу Ўкраіны ў дзень візыту генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша.
Як удакладніў Уладзімір Зяленскі, па Кіеве было выпушчана 5 ракет. Адзін з удараў часткова зруйнаваў жылы 25-павярховы дом: пашкоджаньні атрымалі 1 і 2 паверхі.