Памёр журналіст і гукарэжысёр з Беласточчыны Лукаш Стэпанюк
Не стала шматгадовага супрацоўніка "Радыё Рацыя", журналіста, беларускага музычнага рэдактара, гукарэжысёра Лукаша Стэпанюка.
Лукаш Стэпанюк — выпускнік агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Звязаны з дзейнасцю беларускага руху ў Польшчы. Быў старшынём Беларускага аб’яднання студэнтаў, суарганізатарам фэстываляў Музыкі маладой Беларусі “ Басовішча”, а таксама намеснікам Фонду “Камунікат”, дзе займаўся між іншым відэа- і гукаапрацоўкай твораў беларускіх аўтараў.
Як піша «Радыё Рацыя», спадар Стэпанюк быў звязаны з гэтай рэдакцыяй ад самага пачатку яе існавання. Быў аўтарам такіх музычных перадач, як “Сусветны хіт”, “Шчаслівая трынаццатка”.
Слухачы «Радыё Рацыя» ведалі Лукаша, як Dj Zona.
Журналісту было 45 гадоў. Ён асіраціў жонку і сына.