Беларускі журналіст стварыў бот у Telegram, каб дапамагаць беларусам у Польшчы
Зміцер Ягораў 15 гадоў жыве ў Польшчы і больш за 10 гадоў працуе на тэлеканале «Белсат». У чэрвені 2022 года журналіст вырашыў стварыць бот у Telegram з агульнай інфармацыяй пра фармальнасці ў Польшчы. Ён плануе напаўняць бот карыснай інфармацыяй для людзей, якія толькі прыехалі ў Польшчу. MOST пагаварыў са Зміцерам пра бот і яго магчымасці.
«”Помогу с Песель за 150 зл” — для мяне вось штосьці такое сталася апошняй кропляй», — піша ў сваім Facebook журналіст Зміцер Ягораў. Ён кажа, што нічога не мае супраць пасрэднікаў і кансультантаў, пакуль тыя не пачынаюць драць дзікія грошы за дробязі з людзей, якія толькі прыехалі ў Польшчу. У выніку ён вырашыў зрабіць Telegram-бот з падставовай інфармацыяй пра фармальнасці ў Польшчы.
Бот адрозніваецца ад афіцыйных сайтаў-дапаможнікаў тым, што гэта прадукт уласнага досведу Зміцера і яго знаёмых, а не проста гуглення. Ботам журналіст займаецца пакуль адзін, працоўная назва прадукта — BelPolska.
— Я шмат каму дапамагаю з такімі пытаннямі — калегам па працы, хто рэлакаваўся, а часам проста знаёмым. Часткова матывацыя такая, што надакучыла паўтараць адное і тое ж увесь час і тлумачыць тыя самыя простыя працэдуры. Але вось сапраўды зматывавала негатыўна — чарговая абвестка, у якой прапаноўвалі за грошы «адкрыць пэсэль», — расказаў Зміцер.
Перад тым, як запусціць бот, Зміцер правёў анкетаванне ў суполках беларусаў у Польшчы і пабачыў, што запыт на такі прадукт сапраўды можа быць высокім.
Асноўныя пытанні беларусаў у Польшчы:
- Карта побыту
- PESEL
- Profil Zaufany
- Zameldowanie
- Медыцына
Як працуе бот?
Калі запусціць бот, ён адразу прапаноўвае выбраць з меню тую справу, якую трэба вырашыць. І потым па ланцужку тлумачыць, што і як трэба рабіць. У будучыні, магчыма, можна будзе проста напісаць запыт, і ён па ключавым словам прапануе адказ.
Таксама ў боце можна падтрымаць стваральніка, каб матываваць рабіць прадукт яшчэ больш карысным для беларусаў у Польшчы
«Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку
Офіс Ціханоўскай правёў сустрэчы з прадстаўнікамі Google, Meta і Microsoft. Што абмяркоўвалі?