• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алега Грузьдзіловіча чакаюць яшчэ тры суды. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ён перакрываў рух на трох акцыях пратэсту

    Сталі вядомыя даты трох новых судовых працэсаў у дачыненьні да журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15.

    «Менсктранс» выставіў яму тры грамадзянскія пазовы — за спыненьне транспарту падчас акцый летам і восеньню 2020 году на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў.

    3 сакавіка 2022 году журналіста Свабоды асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка на вуліцы Кальварыйскай і 18 кастрычніка на Партызанскім праспэкце. Справы накіраваныя ў тры суды (адпаведна — Маскоўскага, Фрунзэнскага і Партызанскага раёнаў).

    Месяц таму ў камэру да Алега прыходзіў афіцэр і патрабаваў падпісаць паперу, што ён згодны, каб першы суд паводле пазову «Менсктрансу» адбыўся 6 чэрвеня. Алег тады паперу не падпісаў, настойваў, каб на працэсах прысутнічалі адвакат і ягоная жонка, бо самога яго з магілёўскай калёніі ў Менск на судовыя працэсы не павязуць. Цяпер сталі вядомыя даты судоў.

    Ліст ад Алега Грузьдзіловіча

    У Заводзкім судзе пазоў «Менсктрансу» да Грузьдзіловіча за шэсьце па Партызанскім праспэкце 18 кастрычніка 2020 году будуць разглядаць 15 ліпеня.

    У Маскоўскім судзе працэс адбудзецца 22 ліпеня (нібыта таксама ёсьць фота з плошчы Незалежнасьці, дзе 16 жніўня Алег Грузьдзіловіч у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса» і акрэдытацыяй МЗС Беларусі на грудзях стаіць зь мікрафонам).

    Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна зьвяртае ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Менску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасьці яшчэ з 10‑й раніцы была агароджаная турнікетамі.

    «Грамадзкі транспарт на праспэкце Незалежнасьці ў той дзень прэвэнтыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадзкімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10‑й да 20‑й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16‑й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода».

    У Фрунзэнскім судзе разгляд пазову «Менсктрансу» прызначаны на 25 ліпеня (нібыта ў матэрыялах справы ёсьць здымак, дзе Алег 11 кастрычніка стаяў на праезнай частцы вуліцы Кальварыйскай).

    «Ёсьць некаторыя „плюсы“ ад такіх „паўз“. Цяпер я ведаю, што і такое можна вытрымаць»

    Пасьля другіх запар 10 сутак у штрафным ізалятары Грузьдзіловіч выйшаў ужо не ў карантын, а ў звычайную камэру.

    Першы раз Алег трапіў у ШЫЗА 1 чэрвеня — на чацьвёрты дзень пасьля этапаваньня ў Магілёўскую турму № 15. Прабыў 10 дзён у адзіночцы. Потым яго вярнулі ў карантынны корпус, а літаральна праз два дні зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён.

    Жонка Мар’яна пасьля ШЫЗА атрымала ад Алега ўжо два лісты. Першы — на 6 старонках. Алег піша пра ўражаньні ад ШЫЗА, што кожны дзень па карцары крочыў па 10 кілямэтраў. І цяпер стараецца рухацца, падцягваецца, абліваецца халоднай вадой.

    «Нарэшце пасьля 20 сутак на голых нарах упершыню ўначы „вырубіўся“: адаспаўся на ложку з матрасам і пасьцельнай бялізнай…

    Ёсьць некаторыя „плюсы“ ад такіх „паўз“. Цяпер я ведаю, што гэта такое, і такое можна вытрымаць», — піша Алег з камэры Магілёўскай калёніі.

    Ён шмат чытае, займаецца маляваньнем паводле самавучка. Зноў пачаў маляваць каляровымі алоўкамі.

    «Ня ўсё ж сядзець каля фоткі мужа і ліць па ім сьлёзы:)»

    Калі Алега перавялі ў калёнію, у яго адабралі ўсе сямейныя фатаздымкі, якія жонка перадавала яму на «Валадарку». Ён папрасіў, каб яму зноў даслалі фота: будзе рабіць новы сямейны архіў. І ўжо ў Магілёўскую калёнію Мар’яна даслала яму новыя здымкі: дзяцей, унукаў, сямейныя фота.

    «Я шлю і сьвежыя здымкі зь дзецьмі і ўнукамі на лецішчы, і старыя рэтраздымкі. Даслала наша вясельнае фота амаль 40-гадовай даўнасьці, дзе я ў белым вясельным строі. Дык вось Алег нібыта зрысаваў тую фатаграфію, але паміж мной і сабой намаляваў зялёнае дрэва — тую. Мы нібыта побач, але падзелены туяй. Напісаў: «Я бачу кожны дзень гэтую тую, і ўяўляю, што ты побач, толькі за дрэвам», — Мар’яна ня можа стрымаць сьлёз.

    На апошняй старонцы — малюнак каляровымі алоўкамі. Алег выбачаецца, што малюнак дрэннай якасьці: маляваў на зэдліку на каленцы.

    «Па якасьці можна зразумець, што пакуль умоваў для творчасьці нестае».

    У другім лісьце, які Мар’яна атрымала 4 ліпеня, зноў малюнак з выявай жонкі, якая нібыта чакае мужа з турмы. Каля малюнку тэкст:

    «Неяк запоўніш сваё жыцьцё новымі ўражаньнямі. Ня ўсё ж сядзець каля фоткі мужа і ліць па ім сьлёзы:)

    Здаецца, вечны матыў: жонка чакае мужа, як Пэнэлёпа свайго Адысэя. Але ён такі ня сумны, а аптымістычны. Бо сустрэча, дарэчы, ужо праз 9 месяцаў», — Алег і за кратамі не губляе пачуцьця гумару.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці