У судзе не паведамляюць інфармацыю пра новы працэс над журналісткай Кацярынай Бахвалавай
4 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся новы судовы працэс па справе журналісткі «Белсата» Кацярыны Бахвалавай (творчы псеўданім – Андрэева). Гэта спраўдзіла спецыялістка суда па ўзаемадзеянні са СМІ Аліна Сулейка. Аднак яна адмовілася паведаміць, у якой зале будзе пасяджэнне і хто з суддзяў разглядае справу, бо суд праходзіць у закрытым рэжыме. Няма ніякай абвесткі пра суд і на інфармацыйным стэндзе.
«Судзяць яе паводле артыкула «Здрада дзяржаве», таму ніякай інфармацыі па справе не даем», — зазначыла Сулейка.
У чым канкрэтна вінавацяць Андрэеву, дакладна не паведамляюць. У адваката ўзята падпіска пра неразгалошванне матэрыялаў справы. Муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш, распавядае, што следства па новай справе скончылася яшчэ ў красавіку, матэрыялы адразу ж перадалі ў пракуратуру, а пасля і ў суд. Чаму працэс прызначылі толькі ў ліпені, невядома.
Кацярына адбывала пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі на вуліцы Антошкіна. Яе затрымалі ў Мінску ў шматпавярховіку разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года падчас жывой трансляцыі з так званай «плошчы Перамен», дзе сілавікі разганялі шматлюдную вулічную акцыю памяці загіблага ўдзельніка пратэстаў Рамана Бандарэнкі. Абедзьвюх журналістак прызналі вінаватымі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і асудзілі кожную на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У калоніі Кацярыне пазначылі як «схільную да экстрэмізму» за адмову прызнаць сваю віну. Тэрмін адбыцця пакарання ў журналістак сканчаецца сёлета ў верасні. Але нечакана ў лютым Кацярыну Бахвалаву з жаночай калоніі перавялі ў гомельскае СІЗА‑3 для следчых дзеянняў па новай крымінальнай справе паводле ч.1 арт. 356 КК — «Здрада дзяржаве».
Гэты артыкул вызначае, што пад здрадай дзяржаве маецца на ўвазе «выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Сюды ж адносяць шпіянаж, пераход на бок ворага падчас вайны ці збройнага канфлікту, аказанне дапамогі замежнікам у правядзенні дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Санкцыі паводле артыкула досыць суворыя — ад 7 да 15 гадоў зняволення са штрафам альбо без штрафу.
Кацярына Бахвалава (Андрэева) нарадзілася 2 лістапада 1993 году ў Мінску ў сям’і інтэлігентаў. Яе прадзед Давід Пінхасік быў вядомым журналістам, працяглы час працаваў у газеце «Советская Белоруссия», прабабка Марыя Ваганава ў 1939 годзе была першым галоўным рэдактарам «Палескай праўды» ў Пінску. Дзед Сяргей Ваганаў — знаны журналіст, публіцыст, паэт. Бабуля Ала Ваганава — дацэнт кафедры археалогіі БДУ. Бацькі журналісткі — філолагі.
У 2021 годзе Кацярына Бахвалава разам з Дар’яй Чульцовай стала лаўрэаткай шэрагу прэстыжных журналісцкіх і праваабарончых прэмій.