• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Днямі выходзіў на прагулку, і нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка» — Андрэй Кузьнечык у лісьце з‑за кратаў

    Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, які літаральна за 3 гадзіны суду атрымаў 6 гадоў пазбаўленьня волі, чакае разгляду апэляцыі. Адбываць пакараньне Андрэй будзе ў наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму. 

    Разгляд апэляцыі прызначаны на 12 жніўня

    Андрэй Кузьнечык падаў апэляцыйную скаргу на прысуд, разгляд скаргі прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму, распавяла жонка палітвязьня Алеся Рак. Цяпер Андрэй часова знаходзіцца ў магілёўскай калёніі (перад гэтым быў ЦІП на Акрэсьціна, СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, магілёўскі СІЗА).

    Маці Андрэя спадарыня Аляксандра пацікавілася ў былых сядзельцаў наваполацкай калёніі, якія там ўмовы. Ёй распавялі, што нібыта там ёсьць магчымасьць працаваць — ёсьць шмат розных вытворчасьцяў, і можна будзе выбраць месца працы.

    У камэры магілёўскай калёніі, дзе зараз знаходзіцца Андрэй, 12 чалавек: напалову моладзь, якая сядзіць па «наркатычных» артыкулах, і напалову — палітычныя, так званыя «бчбшнікі».

    Мяркуючы па лістах, Андрэй трымаецца бадзёра, ва ўсім шукае пазытыў. Шмат чытае: паскардзіўся, што бібліятэка ў магілёўскім СІЗА горшая за Валадарку.

    «Чытаю выпадковыя кніжкі, але часам трапляюцца і займальныя: сьмелы для нашага часу Быкаў 1960–70‑х, прэсны газэтны Шамякін пра тое, як калгас наважваўся купляць кампутары, ад якіх не апускаецца брыво…

    А на досьвітку слухаю птушак і ўжо ведаю, якія зь іх самыя звонкія: грак, сьвіргун, стрыж».

    «Не зьбіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі…»

    Пасьля закрытага судовага працэсу, які доўжыўся рэкордна кароткі час — каля трох гадзін, Андрэй у лістах падвёў некаторыя вынікі сваёй працы.

    Ён — заўзяты раварыст, аматар-валянтэр Open­StreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары, публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх роварных стаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам наконт уладкаваньня роварнага руху. Андрэй стварыў падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.

    «Не зьбіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі… Папулярызатарства маё было хуткаплынным і мімалётным — і шмат у чым у пашырэньні „зоны камфорту“ і сабе, і людзям…

    Апошнім часам я пачуваўся шчасьлівым, „адбытым“ і ў нашай сям’і, і амаль усё працоўнае жыцьцё — у працы», — піша Кузьнечык жонцы Алесі.

    Андрэй узгадвае пра сайт «Panoramio», які ён пераклаў на беларускую мову і куды «заліў» процьму фота адметнасьцяў Беларусі. Калі захапіўся мапамі — дадаў шмат беларускіх назваў на «гугламапы».

    Андрэй таксама ўзгадвае і свае агляды менскіх роварных дарожак, велакрамаў, пераклад «Правілаў дарожнага руху для роварыстаў», «Дапаможнік па выхаваньні для беларускіх першаходаў», напісаны ім разьдзел у беларускамоўны падручнік славенскай мовы, выданьні і кнігі, дзе публікаваў свае вершы.

    «Мне ж забаваю застаюцца сны»

    Распавядае жонцы Алесі Андрэй і пра свае сны. Родам ён зь Віцебску, 15-гадовым падлеткам паступіў у прэстыжны Ліцэй БДУ, вельмі гэты ганарыўся, бо конкурс у той ліцэй «зашкальваў».

    «Мне ж забаваю застаюцца сны. Праз пару дзён пасьля суду сьніўся цікавы. Нібыта мяне перавялі ў іншую турму, гляджу на бакі: а камэра — гэта кляс старога зялёнага ліцэя. Але сядзяць там не ліцэісты, а школьныя аднаклясьнікі, прычым, у тым веку, у якім я іх запомніў… Дарэчы, на судзе я быў у ліцэйскай майцы выпускнікоў — самая зручная для сьпёкі. Во, відаць, мозг пераасэнсоўваў сюжэт», — піша Андрэй сваёй жонцы Алесі, зь якой сустрэўся крыху пазьней, ужо на філфаку БДУ. Яны разам ужо каля 20 гадоў, выхоўваюць двух дзетак — васьмігадовую гадовую дачку Яніну і двухгадовага сына Мацьвея.

    «Днямі выходзіў на прагулку і прама надо мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка. І прысьніліся два сны — простыя і неэмацыйныя, быццам бы жыцьцё … Нібыта прыехаў я дахаты, а Янька давай паказваць, што ў яе ў пляншэце новага і цікавага. Залез у кампутар — колькі ўсяго яшчэ глядзець — не пераглядзець. Гляджу — яшчэ і тэлевізар не наладжаны. Улез у ягонае мэню і ўспомніў, што паабяцаў сабе ж болей быць зь сям’ёй», — піша Андрэй Кузьнечык лісьце да сям’і.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці