• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Гомелі: няволя за фотаздымак расійскай вайсковай тэхнікі ў цэнтры горада

    За фотаздымак расійскай вайсковай тэхнікі ў цэнтры Гомеля і перасылку яго тэлеграм-каналу "Беларускі гаюн" Гомельскім абласны суд 1 жніўня пакараў двума гадамі пазбаўлення волі мясцовага інжынера-праграміста Андрэя Уткіна. Рашэннем суда таксама канфіскаваны і айфон, на які здымалася тэхніка. Крымінальную справу супраць 30-гадовага праграміста за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК) ініцыявала рэгіянальнае ўпраўленне ГУБАЗіКа. Справу цягам трох пасяджэнняў разгледзеў суддзя Руслан Царук.

    Інтэрв’ю без ваганняў

    Віну Андрэй Уткін прызнаў цалкам, нават раскаяўся ў сваім учынку: да арышту і не падазраваў, што рабіў нешта забароненае. У апошнім слове перад прысудам абвінавачаны праграміст пацвердзіў, што супрацоўнічаў са следствам. Нават добраахвотна і без ваганняў запісаў у СІЗА на прапанову супрацоўніка КДБ відэаінтэрв’ю «дзеля папярэджання і перапынення
    падобных дзеянняў іншымі людзьмі».

    Інтэрв’ю тое было паказана праз гомельскі канал на беларускім тэлебачанні, а тэкст яго апублікавага газета «СБ сегодня».

    Была ў прамове Уткіна і прапанова дзеля змяншэння падобных да ягонай правінаў, якую б толькі пачулі. Яна, па словах праграміста, не абсалютная, але «дапамагла б знізіць колькасць правапарушэнняў, нагрузку на судовую сістэму». Апроч таго, «большая колькасць людзей засталася б на волі, працягвала б працаваць, плаціць падаткі нашай дзяржаве, тым самым падтрымліваць эканоміку і яе развіццё».

    Прапанова наступнага кшталту. Паводле інжынера-праграміста, дастаткова лёгка стварыць для кліентаў дадатак Тэлеграм, які будзе ўспрымаць дзеянні сервера МУС, выключаць і не адлюстроўваць забароненыя тэлеграм-каналы.

    «Такой тэхнікі не бачыў»

    Пачалося ўсё з таго, што сёлета 9 сакавіка ехаў Андрэй на сваёй аўтамашыне па праспекце Леніна і нечакана ўбачыў каля галоўнай плошчы
    Гомеля расійскі ваенны КамАЗ з літарай V. Што ён быў не адзін, адразу нават не заўважыў.

    — Ніколі такой тэхнікі не бачыў, таму і сфатаграфаваў. Ніякай мэты ў мяне не было, — тлумачыў праграміст.

    — Чаму не адаслалі здымак у дзяржаўныя СМІ, у «СБ сегодня» ці на сайт АНТ? — папытаўся суддзя Царук.

    — Я падпісаны на тэлеграм-канал, і ён ужо змяшчаў падобныя здымкі, — сказаў Уткін.

    Зацікавіўся суд нават палітычнымі поглядамі абвінавачанага праграміста: чаму падпісаны на некаторыя іншыя тг-каналы, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі.

    — Праглядаў кантэнт, — быў адказ.

    За адміністрацыйнай — крымінальная справа

    Андрэя Уткіна арыштавалі на пачатку красавіка. Спачатку яго пакаралі 7 суткамі адміністрацыйнага арышту за захаванне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, дакладней, за падпіску на забароненыя тэлеграм-каналы. А потым дадалі крымінальную справу. Да таго ж адміністрацыя СІЗА‑3 паставіла Андрэя на ўлік як схільнага да экстрэмізму, хоць ён не парушаў рэжыму і не меў спагнанняў.

    Шмат часу ў адзін з дзён працэсу пайшло на тое, каб запусціць праз камп’ютар на вялікі манітор у судовай зале прагляд дыскаў, якія былі далучаныя да крымінальнай справы ў якасці рэчавых доказаў. У тым і выявіўся парадокс нашай рэчаіснасці: інжынер-праграміст у судовай «клетцы», а суд мадзее над камп’ютарнай тэхнікай.

    Урэшце паказалі нават кароткія інтэрв’ю беларускіх вайсковых начальнікаў наконт узмоцненага прыкрыцця пяцю батальённа-тактычнымі групамі паўднёвай мяжы, каб «не дапусціць прасочвання з тэрыторыі Украіны дыверсійна-выведачных груп… зброі, наркотыкаў, боепрыпасаў». Выснова аднаго з тых вайскоўцаў такая: для «дамарошчаных ваенных экспертаў і канапных аналітыкаў магу прывесці, што дадзенае мерапрыемства з’яўляецца планавым і не нясе ніякай пагрозы для суседняй Украіны».

    Якім чынам згаданыя выказванні вайскоўцаў суадносяцца з крымінальнай справай Андрэя Уткіна, на судзе не ўдакладнялася. Хутчэй за ўсё гэта нейкая запозненая рэакцыя на шматлікія ілюстрацыйныя згадкі ў інтэрнэце наконт прысутнасці і перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі на поўдні Беларусі.

    У двухтомнай крымінальнай справе праграміста Уткіна шэраг старонак адведзена характарыстыкам яго асобы. Ён надзвычай кваліфікаваны
    спецыяліст, скончыў тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога па праграме «Аўтаматызацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі і вытворчасцямі» ды
    яшчэ з поўнай ступенню магістра тэхнічных навук. Грамадскі парадак не парушаў, былі толькі штрафы як кіроўцу аўтамабіля.

    З катэгорыі менш цяжкіх

    Прадстаўніца абласной пракуратуры Кучынская, якая падтрымлівала абвінавачанне, выступаючы ў спрэчках, зазначала, што віна Уткіна ў «ншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» цалкам даказаная, а фотаздымак вайсковай тэхнікі і подпіс да яго, дасланыя ў тг-канал «Беларускі гаюн» маглі «нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». І хоць віна гэтая адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, інжынера-праграміста, паводле дзяржабвінаваўцы, належыць пакараць двума гадамі калоніі з канфіскацыяй айфона, якім здымаўлася вайсковая тэхніка.

    З такой пазіцыяй катэгарычна не пагадзіўся адвакат Уткіна Андрэй Бірукоў. Асаблівую ўвагу абаронца завастрыў на даце ўчынку праграміста. Вайсковую тэхніку ён сфатаграфаваў і адправіў фотафайл з каментаром да яго тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн»  9 сакавіка 2022 года. На гэты час згаданы телеграм-канал не быў ані экстрэмісцкім, ані з экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне МУС аб прызнанні тэлеграм-канала «Беларускі гаюн» экстрэмісцкім фармаваннем з’явілася толькі 16 сакавіка 2022 года. Прадукцыя, якая ўтрымліваецца ў згаданым тэлеграм-канале, набыла статус экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска 18 сакавіка 2022 года.

    Бок абароны меркаваў, што згаданыя даты прыняцця афіцыйных дакументаў і дзеянні Андрэя Уткіна, учыненыя 9 сакавіка, мусяць быць
    ацэненыя судом, паколькі гэтая акалічнасць абвяргае датычнасць інжынера-праграміста да садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці. Ва ўсялякім разе, як выказаўся адвакат, дзеянні яго не з’яўляюцца крамолай.

    Суд, як бачым, зрабіў іншую выснову.

    Не сточваюцца канцы

    Больш падрабязна спыніцца на крымінальнай справе Андрэя Уткіна пра «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» вымагаюць абставіны. Падобных судоў, дзе фігуруюць расійская вайсковая тэхніка і розныя тэлеграм-каналы, апошнім часам у краіне нямала.

    У тым жа Гомельскім абласным судзе 26 ліпеня пачаўся разгляд крымінальнай справы за садзейнічанне экстрэмізму і ў дачыненні да гараджаніна Міхаіла Лістападава. Ён абвінавачаны яшчэ і паводле арт. 342 КК за ўдзел пасля прэзідэнцкіх выбараў у пратэстных маршах. З невядомай прычыны суд зрабілі закрытым.

    За перасылку телеграм-каналу «Беларускі гаюн» відэазапісу з перамяшчэннем расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі 21 ліпеня
    асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму праваднік рэзерву Гомельскага аддзялення чыгункі Аляксандр Лучыновіч. Яму таксама
    вынесена пакаранне за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, хоць згаданы ТГ-канал, як і ў выпадку з Уткіным, на момант перадачы відэаздымкаў яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім.

    Штучны рост прыхільнікаў

    У Мазыры за фатаграфаванне расійскай вайсковай тэхнікі былі затрыманыя некалькі жыхароў Мазыра. Мясцоваму 18-гадоваму хлопцу Паўлу Піскуну вынеслі яшчэ больш жорсткі прысуд – тры гады калоніі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Па такіх жа артыкулах цяпер знаходзяцца ў зняволенні мазырчукі Павал Наздра і Ганна Пышняк.​

    Аналагічныя ці падобныя суды адбыліся і ў іншых рэгіёнах краіны. Тым самым штучна павялічваюцца шэрагі «прыхільнікаў спрыяння экстрэмісцкай дзейнасці».

    Чытайце яшчэ:

    «Мы не лукашисты»: из-за заблокированных счетов белорусские журналисты в Украине остались без средств к существованию

    Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА

    Таццяну Мацвееву выпусцілі з ІЧУ і будуць судзіць 9 жніўня

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці