10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы”: статыстыка моўнай дэградацыі СМІ ў Беларусі
Юрыст Ігар Случак, вядомы яшчэ як нефармальны “моўны інспектар”, напісаў кнігу, у аснову якой лягла ягоная шматгадовая практыка па абароне моўных правоў беларусаў, афіцыйная перапіска, што налічвае дзясяткі тысяч лістоў, нарэшце, дыпломная і магістарская працы, якія вызначылі месца роднай мовы ў Беларусі і стан дзяржаўнай палітыкі ў гэтым пытанні. Асобны раздзел тычыцца сітуацыі, якая склалася ў сродках масавай інфармацыі.

Ігар Случак. Фота: сацсеткі
Ігар Случак навучаўся праву на юрыдычных факультэтах Гомельскага і Тартускага ўніверсітэтаў, з’яўляецца магістрам юрыдычных навук. Час, праведзены ў аўдыторыях і бібліятэках, дазволіў атрымаць больш шырокае ўяўленне аб правазнаўстве агулам, так і ў дачыненні асобна ўзятых моўных правоў. Што і дапамагло зразумець, чаму ў Беларусі здарылася, без перабольшання, катастрафічная моўная сітуацыя і як яе змяняць у будучыні.
“Ідэя кнігі нарадзілася даўно, але была рэалізаваная толькі ў 2022 годзе, – адзначае аўтар. – Вялікую частку складаюць цікавыя факты, атрыманыя ў перапісках з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі, чыноўнікамі, дэпутатамі, а таксама статыстыка, якой нельга атрымаць анідзе, акрамя як тут. Хоць аб’ектыўная рэальнасць і з’яўляецца іншай, на падставе даследаванняў магу прызнаць за юрыдычны факт: юрыдычную сілу і сёння мае толькі Канстытуцыя 1994 года без змяненняў і дапаўненняў. Іншымі словамі, у Беларусі дэ-юрэ дзяржаўнай з’яўляецца толькі беларуская мова, а дэ-факта – толькі руская, пры дэклараванні афіцыйнага дзвюхмоўя”.
У галоўнай частцы кнігі расказваецца пра часы дзяржаўнасці і заняпаду беларускай мовы, пачынаючы ад Х стагоддзя і да сёння. Асаблівая ўвага надаецца перыяду ад 1996 года, калі родная мова зноў патрапіла ў неспрыяльныя ўмовы. Напрыклад, калі ў 1646 годзе нават расійскія паслы адмаўляліся весці дыпламатычную перапіску з Польшчай па-польску, бо павялося, што яна адбываецца па-беларуску, то ў 2021‑м толькі 1,4% прававых актаў у краіне былі на беларускай мове.
Значная ўвага ў выданні надаецца рэальным прыкладам дэградацыі галінаў, дзе пры дэклараваным “двуязычыі” ад мовы тытульнай нацыі практычна нічога не засталося. Гэта тычыцца і медыясферы.

Кнігі Ігара Случака. Фота: сацсеткі
Як канстатуе Ігар Случак, цягам 1990–1995 гадоў беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі.
Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і пачатку фактычнай дыскрымінацыі беларускай мовы пачаўся чарговы адкат. Ужо на пачатку 2000‑х пераважная большасць асноўных СМІ выходзіць і вяшчае па-руску.
Не існуе ніводнага выключна беларускамоўнага тэлеканала. Згодна статыстыкі, у сярэднім за год беларускае тэлебачанне выдае 626 гадзін перадач па-беларуску (4% эфіру) і амаль 15 тысяч гадзін па-руску (96%).
У друкаваных СМІ, пасля хвалі закрыцця незалежных газет, пачынаючы ад другой паловы 1990‑х, да 2010 года засталося крыху больш за 700 выданняў, з іх на беларускай мове – 185 (25% ад агульнай колькасці). Пры гэтым усе дзяржаўныя нацыянальныя газеты, за выключэннем “Звязды”, выдаюцца па-руску.
З улікам часопісаў, брашур ды іншай інфармацыйнай прадукцыі, да 2015 года супольны наклад папяровых выданняў дасягнуў амаль паўмільярда асобнікаў, аднак беларускамоўная доля складала толькі пятую частку.
А пасля пачатку кампаніі татальнай “зачысткі” нелаяльных рэжыму медый, якая цягнецца ад драматычнага 2020-га і не спыняецца дагэтуль, беларускамоўны сегмент незалежнай прэсы выціснуты ў эміграцыю або загнаны ў падполле. Многія медыі, якія паслядоўна карысталіся беларускай мовай, абвешчаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, а іх кантэнт – “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У сваю чаргу, мовай афіцыйнай прапаганды цалкам стала руская.

Кніга Ігара Случака. Фота аўтара
Сучасныя варвары, захапіўшы і знішчыўшы горад, тэрыторыю або краіну, у першую чаргу замяняюць вулічныя шыльды, дзе замест мовы захопленага народа з’яўляецца мова агрэсара. Бо мова на шыльдах – гэта самы відавочны знак таго, што на гэтай зямлі ўжо іншая ўлада, іншая дзяржава і іншы народ, перакананы аўтар даследвання “10 стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы”.
А таму згаданая кніга, як і дыпломная ды магістарская работы, навукова даказвае, што сёння ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, у першую чаргу праз недасканалае моўнае заканадаўства, створаны ўмовы для дыскрымінацыі беларускамоўных беларусаў па моўнай прыкмеце.
“Мова – гэта сістэма знакаў і сімвалаў. Мова – гэта адзінае, што безумоўна адрознівае адзін народ ад іншага. Мова стварае і ўмацоўвае дзяржаўнасць. Мова гуртуе і ўмацоўвае народ. Таму варта памятаць, што пакуль жыве беларуская мова – будзе і Беларусь”, – падсумоўвае Ігар Случак.
Чытайце яшчэ:
Затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сын-падлетак у сацыяльным прытулку
“Сохранение исторической памяти”: анализ белорусского законодательства и международных стандартов
Сілавікі заявілі, што больш не будуць публікаваць зневажальныя відэа з затрыманымі за палітыку
