Пракуратура Брэсцкай вобласці працягвае шукаць экстрэмізм у інфармацыйных матэрыялах
Ад пачатку 2023 года прадстаўнікі пракуратуры Брэсцкай вобласці накіравалі ў суды 29 заяў аб прызнанні інфармацыйных крыніц экстрэмісцкімі матэрыяламі. Як адзначылі ў наглядным ведамстве, за гэты час суды задаволілі 22 заявы, а яшчэ сем знаходзяцца на разглядзе.
У прыватнасці, прызнана экстрэмісцкай інфармацыйная прадукцыя дзесяць Telegram-чатаў і каналаў, груп і старонак у сацыяльных сетках Facebook, Instagram, «ВКонтакце» і Одноклассники», некаторых інтэрнэт-сайтаў і каналаў у YouTube.
Паводле паведамлення службы інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, усё гэта робіцца «ў межах супрацьдзеяння распаўсюду на інтэрнет-рэсурсах інфармацыі, накіраванай на павышэнне сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады».
Больш за тое, у пракуратуры не спыняюцца ў выкрыцці інфармацыйных крыніц, якія нібыта размешчаны на «дэструктыўных рэсурсах» і маюць падставы таксама быць прызнананымі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
На гэты момант пракуроры рэгіёна накіравалі хадайніцтвы ў Брэсцкую абласную экспертную камісію для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі 13 іншых інфармацыйных крыніц на наяўнасць прыкмет экстрэмізму.
У наглядным ведамстве кажуць, што пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашана пытанне аб накіраванні ў суд адпаведных заяў.
Чытайце яшчэ:
Дзяржтэлебачанне паказала сюжэт пра затрыманне заснавальніка незалежнага сайта Леаніда Гаравога
Высновы з 386-старонкавай справаздачы Стэнфардскага ўніверсітэта аб сённяшнім стане штучнага інтэлекту
Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі