• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Прызямлілі»: дзяржабвінавачанне настойвае на рэальным тэрміне для Рамана Пратасевіча

    21 красавіка пракурорка Наталля Сакалова запатрабавала пакараць 10 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму экс-рэдактара тэлеграм-каналаў Nexta і «Беларусь галаўнога мозгу» Рамана Пратасевіча. Ён праходзіць па адной справе з былымі паплечнікамі Сцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам, але адзіны, каго ўлады здолелі даставіць у суд — дзеля гэтага давялося прызямліць пасажырскі самалёт.     

    Бок дзяржабвінавачання лічыць віну Рамана Пратасевіча цалкам даказанай і прапануе прыгаварыць яго па сукупнасці злачынстваў да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яна лічыць, што фігуранта трэба ўзяць пад варту.

    Сцяпана Пуцілу прадстаўніца пракуратуры патрабуе асудзіць на 20 гадоў, Яна Рудзіка — на 19 гадоў пазбаўлення волі.   

    Працэс у Мінскім абласным судзе, які выклікаў немалы ажыятаж сярод прапагандыстаў, пачаўся 16 лютага. Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік праходзяць па так званай «спецвытворчасці» завочна — тыя адмовіліся рэагаваць на позвы і назіраюць за падзеямі з Варшавы. Раман Пратасевіч пад хатнім арыштам у Мінску і на пасяджэнні яго дастаўляюць пад канвоем.     

    Кожнаму з фігурантаў інкрымінуюць па дзясятку крымінальных артыкулаў і 30 мільёнаў рублёў урону ад дзейнасці тэлеграм-канала Nex­ta, які цягам пратэснага 2020 года трымаў у напружанні ўвесь сілавы блок Беларусі.

    Незадоўга перад сённяшнім пасяджэннем абвінавачанне раптам «злітавалася» ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы і прыбрала пункт аб «навучанні і матэрыяльным забеспячэнні асоб для ўдзелу ў беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Затое пагоршыла статус для Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча, дадаўшы «паўторнае  кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем». 

    Маўляў, першапачаткова Раман Пратасевіч у маі-верасні 2020-га быў галоўным рэдактарам Nex­ta ў Варшаве, а затым пераехаў у Вільню і да сярэдзіны 2021-га кіраваў сацсеткамі і тэлеграм-каналам «Беларусь галаўнога мозгу». Адпаведна, паводле следства, учыніў «падвойнае злачынства». Аналагічная сітуацыя і з Янам Рудзікам. Паралельна з рэдагаваннем рэсурсаў Nex­ta пасля затрымання Рамана Пратасевіча з чэрвеня 2021-га па май 2022-га нібыта узяў на сябе адказнасць за «Беларусь галаўнога мозгу».

    Адметна, што дагэтуль Генпракуратура, Следчы камітэт, афіцыйная прапаганда навыперадкі паўтаралі: Раман Пратасевіч «цалкам прызнаў сваю дэструктыўную дзейнасць» і ад пачатку допытаў «шчыльна супрацоўнічае» з органамі. З гэтага як мінімум вынікала, што ўлады задаволіліся прыніжэннем былога крыўдзіцеля і ў патрабаванні пакарання не будуць занадта крыважэрнымі. Аднак у рэальнасці аказалася, што дараваць «куратарства пратэстаў» ніхто не збіраецца.

    Сам Раман Пратасевіч 19 красавіка падчас дачы новых паказанняў віну прызнаў толькі часткова. У прыватнасці, засумняваўся ў адэкватнасці шматмільённага спагнання на карысць сілавікоў праз «узмоцненае нясенне службы», паколькі за «перапрацоўку» тыя атрымлівалі матэрыяльную кампенсацыю. Пагадзіўся толькі з частковай шкодай транспартнікам з прычыны блакавання вуліц. Сума ў 30 мільёнаў рублёў «некалькі завышаная», паіранізаваў ён. 

    У сваю чаргу, прызнаў склады злачынстваў датычна «заклікаў да захопу ўлады, распальвання сацыяльнай варожасці, абразы вышэйшых службовых асоб», аднак выказаў нязгоду з цверджаннем адносна кіраўніцтва «экстрэмісцкімі фармаваннямі» Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу». Нагадаў, што такімі іх улады прызналі тады, калі ён там ужо не быў задзейнічаны. Не згодны і з інкрымінаванай роляй у медыяпраектах: маўляў, у першым выпадку рэальным гаспадаром сеткі быў Сцяпан Пуціла, у другім увесь кантроль ажыццяўляў Франак Вячорка. 

    Нагадаем, каб затрымаць «небяспечнага злачынцу», 23 мая 2021 года беларускія ўлады прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. На тым борце былі Раман Пратасевіч і яго сяброўка (ужо былая) Соф’я Сапега. На маладым чалавеку сілавікі і прапагандысты спаўна вымесцілі крыўды за дзейнасць папулярнага рэсурсу з мільёнамі падпісчыкаў, дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе апублічваліся асабістыя дадзеныя сілавікоў, следчых, пракурораў, суддзяў, датычных да рэпрэсій. 

    У выніку Соф’я Сапега атрымала 6 гадоў калоніі паводле абвінавачання па двух крымінальных артыкулах: за «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, учыненыя арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 130 КК) і «незаконны збор або распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды» (ч. 1 арт. 179 КК). На падставе расійскага грамадзянства цяпер яна чакае пераводу ў адну з пенітэнцыярных установаў гэтай краіны.

    А вось кейс Рамана Пратасевіча неўзабаве прадэманструе, ці варта ісці на «выгадную здзелку» са следствам. Адказваючы на пытанні прапагандыстаў, ён шчыра пашкадаваў, што апынуўся ў руках «правасуддзя»: маўляў, цяпер ніхто ў здаровым розуме добраахвотна ў Беларусь не вернецца.  

    Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега маюць статус палітычнага вязня.

    Чытайце яшчэ:

    Міністэрства інфармацыі падало пазоў на ліквідацыю выдавецтва Змітра Коласа

    «Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання

    Наста Касьцюгова,Наста Рагатко і Аляксандра Логвінава запусцілі новы праект StratComLab

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці