Заснавальнік «Новай газеты Смаргоні» расказаў пра свае прыгоды арыштанта
У Смаргоні супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі Рамуальда Улана, які толькі нядаўна вярнуўся з папраўчай установы адкрытага тыпу. Пасля праведзеных у пастарунку выходных ён падзяліўся ўражаннямі, як сістэма правааховы ставіцца да палітычных.
«Цікавы сюрпрыз арганізавалі мне смаргонскія міліцыянты да свята горада. У пятніцу 16 чэрвеня запрасіў інспектар, адказны за нагляд пасля “хіміі”, нібыта на 5 хвілін распісацца, адзначыцца. Але там ужо чакаў капітан з прапановай азнаёміцца з матэрыяламі “адміністрацыйкі”. Знайшлі пару спасылак у сацсетках за 2020 год на медыя, якія толькі ў 2023‑м прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. І дастае паперу аб затрыманні. Я яму кажу: мяне на працы чакаюць тэрміновыя замовы да свята «Смаргонскія абаранкі»! Не разжалобіў», — іранізуе Рамуальд Улан на сваёй старонцы ў Facebook, просячы прабачэння ў кліентаў, якіх падвёў непрагназаванымі «суткамі».
Нагадаем, 19 чэрвеня старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч пакараў былога заснавальніка і галоўнага рэдактара «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Улана трыма суткамі арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Свой тэрмін ён адбыў яшчэ да суда.
«Кажу міліцыянеру: я да вас на 5 хвілін ехаў, у шортах і майцы, а ў ізалятары матраца не даюць — давядзецца спаць на голых ложках. Капітан і начальнік крымінальнага вышуку, які да яго далучыўся, пацвярджаюць: можна перадаць цёплыя рэчы. Нічога ў выніку! Так і спрабаваў засынаць — седзячы або лежачы на вузкай лавачцы.
Звычайных хуліганаў і сямейных дэбашыраў гэта не тычыцца — спяць з матрацамі, падушкамі і коўдрамі. І яшчэ: па маёй “экстрэмісцкай” катэгорыі ў камеры нельга чытаць кнігі, гуляць у шашкі ці нарды.
Перадачы, аказваецца, таксама забароненыя», — дзеліцца досведам свайго арыштанцкага побыту Рамуальд Улан.
Таксама ён расказвае, што на планавыя і пазапланавыя праверкі яго абавязкова выводзілі ў кайданках. Акрамя таго, двойчы за ноч будзілі — трэба было падыходзіць да дзвярэй і праз «кармушку» называць персанальныя звесткі. Зноў жа, звычайных дэбашыраў гэта не тычылася.
«З рэчаў — толькі мыла і “туалетка”, падагнаныя добрым канваірам. Усё! Пару разоў даходзіла да халадовых дрыжыкаў, калі ўсё цела некантралявана хадзіла хадуном, цяжка было даць рады свайму 59-гадоваму арганізму. Гэта, бадай, самы дрэнны ўспамін — катаванне холадам. Дзякуй богу, пасля ізалятара раніцай 19 чэрвеня суддзя прысудзіў толькі адседжаныя трое сутак… Вось такімі мне запомніліся «Смаргонскія абаранкi-2023». Музыка і салют перашкаджалі засынаць, крыху дапамагалі “бірушы” з хлебнага макішу», — падсумаваў Рамуальд Улан.
Заснавальніка «Новай газеты Смаргоні» затрымалі 26 верасня 2020 года на падставе калектыўнай позвы смаргонскіх міліцыянтаў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса. Той сфатаграфаваў расклееныя ў горадзе налепкі са звесткамі пра сілавікоў, якія ілжэсведчылі на судовых працэсах, і выклаў у гарадской суполцы «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Гэтыя дзеянні ў далейшым прыраўнялі да «паклёпу».
5 студзеня 2021 года суддзя Смаргонскага раённага суда Сяргей Боландзь агучыў вырак — 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, абвінавачаны мусіў сплаціць пацярпелым за «маральныя пакуты»: чатыром міліцыянерам па 300 рублёў, тром — па 500, а таксама 600 рублёў дзяржпошліны.
У сярэдзіне 1990‑х Рамуальд Улан быў сярод першапраходцаў, якія пачалі развіваць у рэгіёнах незалежную прэсу. Заснаваная ім газета хутка набрала папулярнасць і ўтрая абышла паводле накладу дзяржаўную раёнку. Пасля таго, як медыйны праект задушылі эканамічна, Рамуальд Улан арганізаваў друкарска-тэхнічны цэнтр: зараджаў картрыджы, раздрукоўваў фотаздымкі, наносіў прынты на майкі і посуд, рэалізоўваў канцылярскія прылады і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Сталымі кліентамі былі ў тым ліку сілавікі.
Чытайце яшчэ:
«Экстрэмісцкім» аб’яўлены асобны артыкул на сайце БАЖ пра звольненых супрацоўнікаў дзяржТБ
«Мы цалкам салідарныя з нашымі адважнымі калегамі!» МФЖ падхапіў эстафету падтрымкі палітзняволеных журналістаў
После массовых задержаний журналистов гомельские телерадиокомпании ищут новых сотрудников