У Віцебску СК шукае тых, хто даваў інтэрв’ю «Белсату». Іх выклікаюць па справе Вячаслава Лазарава
Следчыя актывізаваліся ў другой палове чэрвеня — пасля таго, як ў СІЗА апынулася Таццяна Пыцько, жонка віцебскага відэааператара-фрылансера. Яе вінавацяць у тым, што яна быццам бы супрацоўнічала з тэлеканалам «Белсат», дапамагаючы мужу.
Таццяну Пыцько затрымалі 6 чэрвеня пасля чарговага ператрусу. Першы адбыўся 9 лютага — у той дзень, калі быў затрыманы яе муж Вячаслаў Лазараў. Тады ў Лазарава забралі ўсю аргтэхніку, якую знайшлі па месцы рэгістрацыі і на здымнай кватэры. Такім чынам да следчых трапілі захаваныя на электронных носьбітах відэаматэрыялы. Але масавыя выклікі на допыты пачаліся пасля таго, як следчыя атрымалі доступ да тэлефона жонкі, якім яна карысталася ў апошнія месяцы.
Паводле тых, каго выклікалі ў СК, следчыя цікавяцца героямі інтэрв’ю, якія здымаліся ў 2022 годзе і раней. І нібыта такіх людзей ідэнтыфікавана паводле відэазапісаў ужо некалькі дзясяткаў. Праз гутаркі з імі следчыя шукаюць доказы супрацоўніцтва Лазарава і Пыцько з недзяржаўным СМІ, якое было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» у лістападзе 2022 года.
За сувязь з тэлеканалам «Белсат» Вячаславу Лазараву высунулі абвінавачанне паводле арт. 361–4 КК РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці), ягоную жонку Таццяну Пыцько вінавацяць паводле арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Аднагадовую дачку сямейнай пары пасля затрымання маці забралі ў дзіцячую лякарню і рыхтуюць да перадачы ў Дом дзіцяці. Адтуль яе могуць забраць толькі афіцыйныя апекуны, якімі хочуць стаць сваякі Таццяны. Двое яе старэйшых таксама непаўнагадовых дзяцей ад першага шлюбу засталіся з родным бацькам.
Чытайце яшчэ:
«Если бы удалось поговорить с кем-то из окружения Лукашенко, это был бы крутой вызов». Почему важно оставаться в контакте с властью
Лукашэнка падпісаў рэпрэсіўныя змены ў закон, які ставіць крыж на незалежных СМІ ў Беларусі
«Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы