Журфак БДУ зноў скараціў набор студэнтаў. Але дэкан хваліцца высокім прахадным балам
Сёлета на спецыяльнасць «журналістыка» ў БДУ, як і летась, не набіраюць «платнікаў». «На бюджэце» будуць вучыцца ўсяго 60 студэнтаў, тады як летась набіралі 70 чалавек, а ў 2021 г. — 74 чалавекі на бюджэтную форму навучання і яшчэ 10 — на платную, піша «Наша Ніва».
Дэкан факультэта Аляксей Бяляеў тлумачыць скарачэнне набору і адмену платнага навучання «адсутнасцю патрэбы» ў большай колькасці адмыслоўцаў і спасылаецца на колькасны «запыт з боку дзяржаўных СМІ». Дарэчы кажучы, з 60-ці прынятых на першы курс трое абітурыентаў паступалі па мэтавым накіраванні і мусіць вярнуцца на працу туды, адкуль іх пасылалі вучыцца.
Аляксей Бяляеў сцвярджае, што сёлета выпускнікі школ праявілі вялікую цікавасць да факультэта журналістыкі. Калі прааналізаваць статыстыку апошніх гадоў, то гэта практычна незаўважна: конкурс пры паступленні ў гэтым годзе складаў 1,3 чалавека на месца, летась ён быў 1,12 чалавека, а пазалетась — 1,23.
Былы выкладчык факультэта журналістыкі звярнуў увагу на яшчэ некалькі момантаў, якія супярэчаць высновам дэкана пра папулярнасць гэтай спецыяльнасці ў абітурыентаў: «Журфак ніколі не быў больш папулярны за факультэт міжнародных адносін, юрыдычны або эканамічны. І класічная журналістыка ўжо даўно карыстаецца меншай папулярнасцю за спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя», якая дае магчымасць працаваць не толькі ў СМІ.
Пасля таго як журналістаў пачалі дзяліць на «чэсных» і «нячэсных», прэстыж гэтай прафесіі стаў яшчэ ніжэйшы, бо нават абітурыентам было зразумела, што высокі заробак і сацыяльныя гарантыі маюць толькі «чэсныя», а быць «нячэсным» яшчэ і рызыкоўна. За апошнія гады, калі недзяржаўныя медыя ў Беларусі вынішчылі, поле для працаўладкавання паменшала. Журналістыка перастала быць прафесійна незалежнай: нават адседзецца на тэмах культуры і «сацыялкі» ў дзяржаўных выданнях ужо не ўдасца, бо ўсё прасякнута ідэалагічнымі патрабаваннямі».
Таксама былы выкладчык журфака звяртае ўвагу на паступовае змяншэнне колькасці абітурыентаў са сталіцы ды буйных гарадоў, бо размеркаванне (а пры навучанні на бюджэтнай форме яно непазбежнае) — гэта перадусім «раёнкі», дзе заўсёды бракуе кадраў.
Дэкан журфака ў інтэрв’ю БелТА асабліва падкрэслівае, што прахадны бал на спецыяльнасць «журналістыка» сёлета дасягнуў 340. Аднак гэта сума складаецца з пяці кампанентаў: сярэдняга бала атэстата, сертыфікатаў па двух прадметах цэнтралізаванага тэсціравання і адзнак за два творчыя іспыты — сачыненне і сумоўе. І калі 340 падзяліць на 5, то сярэдні бал атрымліваецца не надта высокі — 68 або 6,8 па дзесяцібальнай сістэме.
Дарэчы, падчас леташняй уступнай кампаніі прахадны бал на журналістыку ў БДУ быў значна ніжэйшы — 296. Разам са змяншэннем конкурсу гэта сведчыць пра падзенне інтарэсу да прафесіі, кажа былы выкладчык журфака. Магчыма, у гэтым годзе вучыцца на работнікаў медыя пайшлі тыя, хто мэтанакіравана абірае перспектыву працаваць у цяперашніх умовах. Або спадзяецца на перамены, якія могуць адбыцца ў краіне за наступныя чатыры гады.
Што да змяншэння набору на спецыяльнасць «журналістыка», то ў гэтай тэндэнцыі могуць быць унутраныя прычыны. Каб вучыць меншую колькасць студэнтаў, трэба меней выкладчыкаў, а значыць, можна пазбавіцца ўсіх нелаяльных, неталерантных супрацоўнікаў. І трымаць астатніх пад пагрозай скарачэння пры любых праявах вальнадумства.
Чытайце яшчэ:
Стала вядома пра затрыманне журналіста-фрылансера Аляксандра Ігнацюка
Активистка БРСМ возглавила районную газету со скандальной репутацией
За адміністраванне сацсетак «Вольнага Глыбокага» аштрафавалі супрацоўніцу выдання